У выніку пажару ў гандлёвым цэнтры «Беларусь» у Віцебску пацярпелі 20 асобаў, з іх адна жанчына ў рэанімацыі. Пра гэта распавёў кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Крутой 15 снежня.
Пра 16 пацярпелых было вядома непасрэдна ў дзень пажару, а пазней яшчэ 4 чалавекі звярнуліся па псіхалагічную дапамогу, удакладніў Дзмітрый Крутой.
«Адна жанчына ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Удалося гэты стан стабілізаваць, але тым не менш яна на сённяшні дзень падключаная да апарату ШВЛ. Былі скіраваныя з рэспубліканскага ўзроўню, нашых цэнтраў адпаведныя брыгады таксіколагаў і рэаніматолагаў. Яны праводзяць усе адпаведныя працэдуры і забяспечваюць пратаколы лячэння. Стан двух пацярпелых палепшыўся і іхнаму жыццю нічога не пагражае, і мы спадзяемся ў хуткім часе іх перавесці ў звычайныя аддзяленні тэрапіі», – адзначыў чыноўнік.
Сярод пацярпелых былі дзве дзяўчынкі.
«Адна падвярнула ножку, другую мы на ўсялякі выпадак паклалі ў рэанімацыю, але таксама ўжо перавялі ў педыятрычнае аддзяленне», – працягнуў Крутой.
Паводле ягоных звестак, Следчы камітэт распачаў крымінальную справу пакуль паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу, што датычыць парушэння правілаў пажарнай бяспекі. У працэсе паступлення ўсіх матэрыялаў да крымінальнай справы могуць быць дададзеныя іншыя артыкулы.
Буйны пажар у гандлёвым цэнтры «Беларусь» у Віцебску адбыўся 13 снежня. Агонь ахапіў 2000 квадратных метраў. Былі эвакуяваныя 215 чалавек. Прычым шэсць асобаў выратавалі з дапамогаю вышыннай тэхнікі, яшчэ чацвярых выводзілі з дапамогаю масак.
Пажар тушылі 90 работнікаў МНС.
Арсен Рудэнка belsat.eu