Моцныя хвалі разламалі два танкеры ў Керчанскім праліве. На месцы трывае выратавальная аперацыя. Судны перавозілі мазут, ён пачаў вылівацца ў ваду. На паверхні Чорнага мора заўважылі чорныя плямы.
Прычынаю здарэння сталася непагадзь з моцным ветрам. Хвалі, што ўзняліся на моры, разламалі два танкеры: «Волгонефть-212» і «Волгонефть-239».
Паводле МНС Расеі, першае судна «атрымала пашкоджанні і села на мель», другое «пасля атрыманых пашкоджанняў лягло ў дрэйф».
Агулам у экіпажы абодвух танкераў – 27 асобаў, іх цяпер намагаюцца выратаваць. У аперацыі задзейнічаныя больш за 50 адмыслоўцаў і 11 адзінак тэхнікі.
Афіцыйна «інфармацыя пра разліў нафтапрадуктаў удакладняецца». Аднак расейскія медыі перадаюць, што мазут ужо трапіў у мора. Абодва танкеры перавозілі агулам больш за 8 тысячаў тонаў нафтапрадуктаў.
Сцяпан Кубік belsat.eu