навіны

У Грузіі абралі прэзідэнта – былога футбаліста без вышэйшай адукацыі

Міхаіл Кавелашвілі
Міхаіл Кавелашвілі пасля абрання на пасаду прэзідэнта, 14 снежня 2024 года, Тбілісі. Фота: Davit Kachkachishvili / Anadolu / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

У Грузіі 14 снежня калегія з 300 выбарнікаў за паўдня абрала шостага прэзідэнта краіны – ім стаў былы футбаліст, сябра партыі «Сіла народу», сатэліту кіруючай партыі «Грузінская мара», 53-гадовы Міхаіл Кавэлашвілі. Некалькі гадоў таму ён праз адсутнасць вышэйшай адукацыі не змог стаць прэзідэнтам Федэрацыі футболу Грузі, што не перашкодзіла яму заняць пасаду кіраўніка дзяржавы.

Сілавікі жорстка затрымліваюць дэманстранта на другі дзень пратэстаў супраць адмовы перамоваў Грузіі з ЕЗ. Фота: Белсат

«Шок ва ўсім грузінскім грамадстве». Збіцці і першыя крыміналкі за пратэсты ў Грузіі

навіны

Кавэлашвілі быў адзіным кандыдатам на выбарах. Апазіцыя, якая не прызнала вынікаў парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка не вылучала свайго кандыдата і не брала ўдзелу ў выбарах прэзідэнта, а таксама загадзя абвесціла, што не прызнае іх легітымнымі. Дзейная прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі таксама заявіла, што не прызнае вынікаў выбараў, а таксама, што нелегітымны парламент не можа абраць прэзідэнта, таму яна застанецца на пасадзе да новых сумленных выбараў.


З 300 выбарнікаў за Кавэлашвілі прагаласавалі 224. Адзін бюлетэнь быў сапсаваны. Палова чальцоў калегіі – дэпутаты парламенту. Другая частка – прадстаўнікі мясцовых органаў самакіравання, вылучаныя партыямі паводле квотаў, і чальцы вышэйшых прадстаўнічых органаў аўтаномных рэспублік Аджарыі і Абхазіі (апошнія дзець у выгнанні). 211 выбарнікаў уваходзяць у партыю «Грузінская мара».


«Найлепшае ўвасабленне грузінскага мужчыны па сваёй прыродзе», – гэтак Кавэлашвілі ахарактарызаваў заснавальнік і ганаровы старшыня «Грузінскай мары» Бідзына Іванішвілі. Менавіта ён вылучыў кандыдатуру Кавэлашвілі на пост прэзідэнта.


Міхаіл Кавэлашвілі – былы гулец грузінскай зборнай па футболе, шматразовы чэмпіён Грузіі. У 1995 годзе ў складзе ўладзікаўказскага клубу «Аланія» стаўся чэмпіёнам Расеі. Потым граў за «Манчэстэр Сіці» і швейцарскія клубы.


Шмат пытанняў у грузінаў выклікалі адукацыя і кампетэнцыі Кавэлашвілі. Графа пра ягоную адукацыю на сайце парламенту пустая. У 2015 годзе адсутнасць дыплому аб вышэйшай адукацыі перашкодзіла яму балатавацца на пост прэзідэнта Федэрацыі футболу Грузіі. «Грузінская мара» заявіла, што «для вернасці і любові да радзімы дыплом не патрэбны», апазіцыя ж называе абранне прэзідэнтам чалавека без вышэйшай адукацыі «абразаю грузінскага народу».


З 2016 года Кавэлашвілі тройчы быў абраны дэпутатам ад «Грузінскай мары». У 2022-м ён фармальна адкалоўся ад кіроўнай партыі і сфармаваў палітычную групу «Сіла народу», якая сталася сатэлітам «Грузінскай мары» і адзначылася антызаходнімі заявамі. Дэпутаты «Сілы народу» першыя ініцыявалі спробы прыняцьЗакон аб замежных агентах у 2023 годзе.


Інаўгурацыя новага прэзідэнта, абранага на 5 гадоў, адбудзецца ў Грузіі 29 снежня.


Выбары прэзідэнта ў Грузіі праходзілі на фоне пратэстаў, якія распачаліся пасля таго, як прэм’ер-міністр Іраклі Кабахідзэ 28 лістапада абвесціў пра замарожванне перамоваў аб уступленні Грузіі ў Еўразвяз да 2028 года.


Пратэсныя мітынгі суправаджаліся жорсткімі разгонамі з боку сілавікоў і масавымі арыштамі. Апазіцыя абяцае працяг пратэстаў, асноўнае патрабаванне якіх – правядзенне новых парламенцкіх выбараў.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10