Расея распачала падрыхтоўку да вываду сваіх войскаў з Сірыі – такую выснову на падставе аналізу спадарожнікавых фотаздымкаў зрабіла онлайн-выданне «Важные истории».
Спадарожнікавыя здымкі расейскіх вайсковых базаў у Сірыі апублікавалі Maxar Technologies і Planet Labs. На фота бачна, што на авіябазу Хмяймім прыбылі два буйныя грузавыя самалёты Ан-124, тры транспартныя самалёты Ил-76, а таксама грузавыя самалёты больш дробных мадэляў – тры Ан-32 і адзін Ан-72. Washington Post піша, што ў самалётаў адкрытыя насавыя адсекі для прыёму цяжкага абсталявання.
Таксама на здымках бачна, як расейскія вайскоўцы разбіраюць ударны верталёт Ка-52. Аналітыкі Maxar мяркуюць, што яго рыхтуюць да пагрузкі. Таксама эксперты ідэнтыфікавалі часткі зянітна-ракетнага комплексу С-400, які, імаверна, таксама рыхтуюць да перавозкі.
«Важные истории” таксама спасылаюцца на расейскіх праўладных блогераў, якія публікавалі відэа, дзе расейскія вайскоўцы накіроўваюцца да авіябазы Хмяймім, а адзін з іх сказаў, што едзе ў Расею.

Maxar Technologies таксама апублікаваў фотаздымкі расейскіх караблёў, якія плывуць па Міжземным моры ад берагоў Сірыі. Пра тое, што расейскія караблі, якія знаходзіліся ў Сірыі, пакінулі Тартус, пісалі нямецкія СМІ са спасылкай на паведамленне, распаўсюджанае Міністэрствам абароны Нямеччыны.
Расейскія СМІ ў сваю чаргу сцвярджаюць, што Расея ўсё яшчэ вядзе перамовы з новымі ўладамі Сірыі аб захаванні сваіх ваенных базаў у краіне.
У Сірыі наступ апазіцыйных да афіцыйных уладаў сілаў нечакана пачаўся 27 лістапада. За некалькі дзён былі захопленыя найбуйнейшыя гарады краіны, у тым ліку Алепа, Хама, Дэйр-эз-Зор.
7 снежня войскі сірыйскай апазіцыі абвясцілі, што пачалі атачаць Дамаск пасля захопу найбліжэйшых гарадоў. На наступную раніцу паўстанцы захапілі тэлебачанне Сірыі і заявілі пра кантроль над Дамаскам і ўцёкі прэзідэнта Башара аль-Асада. Яны назвалі гэта «канцом эры несправядлівасці». Прэм’ер-міністр краіны заявіў, што гатовы рабіць любыя захады для перадачы ўлады.
Ад моманту перавароту 1970 года ўладу ў Сірыі ўтрымлівала дынастыя аль-Асадаў. На выбарах 2021 года Башара аль-Асада, паводле афіцыйных звестак, падтрымалі 95 % удзельнікаў галасавання.
Марыя Міхалевіч belsat.eu