А 9-й гадзіне раніцы ў суботу 14 снежня ў Грузіі распачаліся прэзідэнцкія выбары. Упершыню кіраўніка дзяржавы абірае не народ, а Калегія з 300 выбаршчыкаў, 75% з якіх – прадстаўнікі кіруючай партыі «Грузінская мара».

«Пасля перажытага ў 2020-м падзеі ў Тбілісі здаюцца невыноснымі». Пратэсты ў Грузіі вачыма беларусаў
Кандыдат у прэзідэнты адзін – былы дэпутат і футбаліст, сябра партыі «Сіла народу», якая адкалолася ад «Грузінскай мары», 53-гадовы Міхаіл Кавелашвілі.
Перад будынкам Парламенту ў Тбілісі, дзе праходзяць выбары, з самай раніцы збіраюцца пратэстоўцы. Сённяшная акцыя пратэсту мае назву – «Пакажы дыплом!». Удзельнікі пратэснага мітынгу гуляюць у футбол. Гэта – адсылкі да таго, што ў кандыдата ў прэзідэнты Кавелашвілі няма вышэйшай адукацыі, і што раней ён быў футбалістам.
Будынак парламенту перакрыты металічнай агароджай. Адначасова ў цэнтр грузінскай сталіцы на плошчу Свабоды падцягваюцца спецназ і вадамёты. Шмат паліцыі на бакавых вуліцах.
Апазіцыйныя партыі і дзейная прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заяўлялі, што не прызнаюць легітымнасць выбараў, бо нелегітымны парламент, абраны на выбарах 26 кастрычніка. Апазіцыя і прэзідэнтка Зурабішвілі, а таксама тысячы пратэстоўцаў, што выходзяць на вуліцы з 28 лістапада, патрабуюць правядзення ў краіне новых парламенцкіх выбараў.
Масавыя пратэсты распачаліся па ўсёй Грузіі пасля таго, як прэм’ер-міністр краіны Іраклі Кабахідзэ заявіў пра замарожванне перамоваў аб уступленні Грузіі ў Еўразвяз да 2028 года.
Роўна год таму, 14 снежня, Грузія атрымала статус краіны-кандыдата на ўступленне ў Еўразвяз.
Вынікі выбараў будуць абвешчаныя 14 снежня, а 14-й гадзіне па мясцовым часе. Інаўгурацыя новага прэзідэнта адбудзецца 29 снежня.
Марыя Міхалевіч belsat.eu