навіны

Лукашэнка зацвердзіў бюджэт на 2025 год з дэфіцытам Br 4,5 млрд і незразумелымі даходамі

Беларускія рублі. Фота: Белсат
Беларускія рублі. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год». Пра гэта паведамілі ў ягонай прэс-службе. Асноўныя выдаткі запланаваныя на чыноўнікаў і сілавікоў.

Як і ў папярэднія гады, бюджэт будзе дэфіцытным, бо рост выдаткаў апярэджвае рост паступленняў на Br 4,46 млрд.

Адкуль даходы

Даходная частка рэспубліканскага бюджэту ў 2025 годзе запланаваная ў памеры Br 45,84 млрд. Найбольшую долю паступленняў складуць падаткі – 75 %. Асноўныя даходы маюць прынесці падаткі на тавары, работы і паслугі (Br 22,94 млрд), падаткі ад вонкаваэканамічнай дзейнасці (Br 8,01 млрд) і падатак на прыбытак (Br 2,79 млрд).

Плануецца, што непадатковыя крыніцы даходаў складуць Br 4,63 млрд. Яшчэ Br 6,73 млрд прыйдуць у форме бязвыплатных паступленняў, у тым ліку Br 4,37 млрд – ад замежных дзяржаваў. У прыватнасці, чакаецца міжбюджэтны трансферт з расейскага бюджэту, прадугледжаны дамоваю аб агульных прынцыпах падаткаабкладання паводле ўскосных падаткаў.

,,

«Без выплатаў з расейскага бюджэту дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту быў бы як мінімум удвая вышэйшы», – піша «Экономическая газета».


Дэвальвацыя. Калаж: Белсат

Моцная дэвальвацыя беларускага рубля пасля «выбараў-2025»?

навіны

Дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту плануецца прафінансаваць за кошт унутраных і вонкавых крыніцаў. Гэта ў асноўным нявыкарыстаныя рэшткі бюджэтных сродкаў мінулых гадоў (Br 5,93 млрд) і новыя запазычанні. Налета плануецца прыцягнуць на ўнутраным і вонкавых рынках больш як Br 8,3 млрд, пры гэтым выплаты паводле раней нададзеных крэдытаў і пазыкаў складуць Br 10,6 млрд. Упершыню Беларусь плануе выплаціць у пагашэнне вонкавых даўгоў больш, чым прыцягнуць запазычанняў з-за мяжы.

Лідары – выдаткі на дзяржаўную дзейнасць і абарону

Сукупныя выдаткі рэспубліканскага бюджэту запланаваны на ўзроўні Br 50,3 млрд. Найбуйнейшым выдатковым артыкулам будзе агульнадзяржаўная дзейнасць – 46,5 % усіх выдаткаў бюджэту. Сюды ўваходзяць выплаты на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу (Br 4,74 млрд), міжбюджэтныя трансферты мясцовым бюджэтам і пазабюджэтным фондам (Br 12,32 млрд), дзейнасць дзяржаўных органаў агульнага прызначэння (Br 1,37 млрд).

Амаль на траціну будуць павялічаныя выдаткі на нацыянальную абарону – на гэтыя мэты запланавана вылучыць Br 4,73 млрд. Яшчэ Br 5,34 млрд будуць скіраваныя на судовую ўладу, праваахоўную дзейнасць і гарантаванні бяспекі (рост на 14,3 %).

Астатнія выдаткі бюджэту выглядаюць наступным чынам: нацыянальная эканоміка – Br 7,59 млрд, ахова здароўя – Br 2,78 млрд, адукацыя – Br 2,18 млрд, фізічная культура, спорт, культура і прапаганда – Br 0,86 млрд.

«Экономическая газета» адзначае, што агулам бюджэт на 2025 год шмат у чым паўтарае структуру сёлетняга бюджэту. Але «застаецца незразумелым, за кошт якіх унутраных крыніцаў урад плануе прыцягнуць неабходныя сродкі, а таксама забяспечыць паступленне міжбюджэтных выплатаў ад Расеі ва ўмовах чаканага зніжэння коштаў нафты». Таксама «няясныя і іншыя зыходныя звесткі і параметры, што выкарыстоўваліся пры фармаванні бюджэту, напрыклад, рост курсаў замежных валютаў».

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10