Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка адзначыў пагрозы, што могуць ісці краінам Еўропы, калі іх палітыка ў дачыненні Масквы і Менску не будзе моцнаю.
«Еўропа мусіць прачнуцца. Адказнасць за бяспеку Еўропы ляжыць перадусім на плячах еўрапейскіх палітыкаў. Гэта азначае больш рэсурсаў для нашай уласнай бяспекі, больш рэсурсаў для барацьбы з прапагандаю [з боку Расеі і Беларусі] і, як вынік, умацаванне Еўропы. Еўропа. Моцная Еўропа – у інтарэсах беларускіх дэмакратычных сілаў», – сказаў палітык у інтэрв’ю «Euronews».
На ягоную думку, Нямеччына мусіла б «заахвоціць шмат якія еўрапейскія краіны падтрымаць яе і фінансаваць абарону ў Еўропе ў значна большых маштабах», «да чаго першапачаткова заклікаў прэзідэнт [ЗША Доналд] Трамп падчас перадвыбарчай кампаніі».
Паводле Паўла Латушкі, перамір’е ва Украіне, калі яго ўдасца дасягнуць, будзе толькі «часоваю перадышкаю перад значна больш маштабнай вайною, што зноў разгорнецца ва Украіне і, магчыма, у суседніх краінах».
«Ад Берліну да Менску зусім недалёка. Гэтая кароткая адлегласць тоіць у сабе сур’ёзную пагрозу. Пройдзе зусім няшмат часу [калі спыніць падтрымліваць беларускае дэмакратычна арыентаванае грамадства], і на мяжы з ЕЗ будзе стаяць жаўнер у расейскай ці беларускай форме, гатовы пранікнуць на еўрапейскую тэрыторыю. Гэта рэальны сцэнар», – сказаў палітык.
Ён падкрэсліў, што неабходна прачнуцца, бо «цяпер задача [Уладзіміра] Пуціна – аднавіць Савецкі Саюз».
Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі 13 снежня агучыў прыярытэты старшынства Польшчы ў Радзе Еўрапейскага Звязу, што пачнецца 1 студзеня 2025 года. Кіраўнік МЗС заявіў, што адной з мэтаў будзе ўжыванне інструментаў падтрымання ЕЗ для стварэння абароннай інфраструктуры кшталту «Шчыт Усходу». Яшчэ адно патрабаванне – поўнае выкарыстанне замарожаных расейскіх актываў.
Якуб Хруст belsat.eu