Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі 13 снежня агучыў прыярытэты старшынства Польшчы ў Радзе Еўрапейскага Звязу, што пачнецца 1 студзеня 2025 года.
Кіраўнік МЗС заявіў, што адною з мэтаў старшынства Польшчы будзе ўжыванне інструментаў падтрымання ЕЗ для стварэння абароннай інфраструктуры кшталту «Шчыт Усходу». Яшчэ адно патрабаванне – поўнае выкарыстанне замарожаных расейскіх актываў, паведамляе «Portal Samorządowy».
«Мы будзем імкнуцца заручыцца падтрыманнем дзяржаваў-чальцоў для поўнага выкарыстання замарожаных актываў Цэнтральнага банку Расеі для дапамогі Украіне. Мы будзем прадухіляць вяртанне да бізнесу ў звычайным рэжыме з Расеяй і Беларуссю да таго часу, пакуль агрэсія не спыніцца», – сказаў Радослаў Сікорскі.
Міністр паабяцаў паклапаціцца пра «тэмпы і якасць» пашырэння ЕЗ як у дачыненні Украіны і Малдовы, гэтак і Балканскіх краінаў. Таксама ён паабяцаў падтрымліваць «праеўрапейскія памкненні грузінскага грамадства» і распачаць «канкрэтныя крокі да збліжэння» з Турцыяю.
Апроч таго, Польшча будзе працаваць над ажыўленнем Усходняга партнёрства і ўмацаваннем устойлівасці Еўразвязу, каб «пабудаваць Еўропу, здольную супрацьстаяць пагрозам бяспекі, што зыходзяць галоўным чынам з Усходу, у тым ліку ў сэнсе забеспячэння адэкватнай прамысловай вытворчасці для сектару ўзбраенняў». Сікорскі таксама дадаў, што Польшча будзе імкнуцца стварыць еўрапейскую раду супраць дэзынфармацыі.
12 снежня быў абвешчаны новы пакет дапамогі дэмсілам ад Еўразвязу ў памеры 30 млн еўраў. Пра гэта падчас канферэнцыі «Падтрыманне беларускага народу» ў Еўрапейскім парламенце заявіла еўракамісарка ў пытаннях пашырэння ЕЗ Марта Кос.
Якуб Хруст belsat.eu