Падчас Дзён Беларусі, якія праходзяць у Бруселі з 9 да 13 снежня, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў абмяркоўваюць з еўрапейскімі палітыкамі самыя надзённыя пытанні, якія датычаць нашай краіны. Пра тое, што значыць гэтая падзея для Беларусі, якія чаканні ёсць у Еўразвязу ад прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў і якой дапамогі чакаць беларусам ад ЕЗ, «Белсат» паразмаўляў з абранай прэзідэнткай і лідаркай беларускіх дэмакратычных сілаў Святланай Ціханоўскай.
– Дзякуй, што знайшлі для нас час, і я радая сустрэцца з вамі на Днях Беларусі ў Бруселі, якія адбываюцца ўпершыню. Чаму гэтую падзею можна лічыць беспрэцэдэнтнай?
– Столькі івэнтаў розных: і палітычных, і культурных, і праваабарончых у адным месцы ў адзін час. І трэба тут адзначыць, што гэта першыя тыдні працы парламенту і камісіі (Еўракамісіі – найвышэйшага выканаўчага органу Еўразвязу. – Заўв. рэд. «Белсату»), і тое, што яны сфакусаваліся ў першыя тыдні на Беларусі – гэта добры знак для нас, беларусаў: што з намі працуюць, што пра нас не забыліся, як многія чакаюць і думаюць. Але для мяне важна, каб беларусы не згубілі гэтай магчымасці, бо пакуль увага на Беларусі, трэба карыстацца ёй, трэба ўжо дамаўляцца аб наступных івэнтах, дамаўляцца пра нейкія карысныя рэчы, якія мы можам зрабіць з Бруселем або Еўрапейскім Звязам разам. Бо потым будуць розныя іншыя падзеі, і Беларусь зноў на такім вялікім узроўні згубіцца, таму трэба ўжо зараз нешта рабіць.
Я вельмі ўдзячная за тое, што гэта была высокаўзроўневая падзея, бо прыйшла і Кая Калас (кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі. – Заўв. рэд. «Белсату»), мы з ёй сустракаліся, і Марта Кос (камісарка ў пытанні пашырэння Еўразвязу. – Заўв. рэд. «Белсату») была на нашым канцэрце, і таксама прэзідэнтка Еўрапарламенту Рабэрта Мэтсаля была на нашым мерапрыемстве. То бок гэта максімальная ўвага, і трэба развіваць гэтую магчымасць.
– Як вы ўжо адзначылі, у Еўразвязе новае кіраўніцтва, і вы ўжо сустрэліся з шэрагам уплывовых чыноўнікаў. Чаго яны чакаюць ад дэмакратычных сілаў?
,,– Міжнароднае кіраўніцтва чакае адзінства і агульнай стратэгіі. І калі час ад часу прыходзяць розныя людзі з рознымі галасамі, то гэта блытае нашых замежных партнёраў. То бок каб нам дапамагалі, каб разумелі, як нам дапамагчы, у нас павінна быць адзіная пазіцыя. Канечне, я тлумачу, што могуць быць розныя думкі, як прыйсці да таго ці іншага фіналу, але ўсё роўна гэта павінна быць кансалідаваная пазіцыя.
Гэта добра, калі людзі спрачаюцца, калі людзі дэбатуюць, але [нам трэба] не заблытаць нашых партнёраў, бо яны менш за беларусаў ведаюць, што нам рабіць у Беларусі, і яны хочуць, каб у нас быў адзіны падыход да справаў Беларусі. Што мы просім ад нашых замежных партнёраў, ад Еўрапейскага Звязу – гэта паслядоўнасці ў пазіцыі, што тычыцца рэжыму Лукашэнкі: гэта максімальны ціск, гэта ізаляцыя, непрызнанне так званых выбараў у Беларусі. Але з іншага боку, мы прыярытызуем дапамогу беларусам, бо мы тлумачым, што без моцнай грамадзянскай супольнасці, без моцных дэмакратычных сілаў не будзе справы. Таму, канечне, калі гаворка ідзе пра дапамогу, то тут нашыя прыярытэты – гэта палітвязні, гэта медыя, гэта грамадзянская супольнасць, гэта нашыя праваабаронцы, ну і, канечне, культурніцкія ініцыятывы.
– З выказванняў еўрапейскіх чыноўнікаў вынікае, што стратэгія вызвалення палітвязняў палягае на павелічэнні санкцыяў і ўзмацненні ціску на рэжым Лукашэнкі, на ягонай ізаляцыі, аднак прайшло чатыры гады, а Лукашэнка яшчэ пры ўладзе, а палітвязні – у турмах. Ці ёсць разуменне, як зрабіць гэтыя санкцыі больш эфектыўнымі, ці спрацуюць яны гэтым разам?
– Што спрацуе – гэта паслядоўнасць, бо рэжым Лукашэнкі чакае вось гэтых размоваў пра тое, што нічога не адбываецца, што Лукашэнка яшчэ там [пры ўладзе] і што палітвязняў катуюць… Ён чакае, пакуль мы апусцім рукі, пакуль мы вернемся да звычайных справаў, як гэта было да 2020 года. Але санкцыі працуюць. Яны, можа, працуюць не так эфектыўна, як нам хацелася б, але мы бачым, што ёсць і дзіркі ў санкцыях, і мы спрабуем іх закрыць. Мы бачым, што вайна Расеі ва Украіне была такім блаславеннем для Лукашэнкі, і ён зараз зарабляе на гэтым грошы, і таму вось гэтая санкцыйная машына павінна была павярнуцца да тэмы мілітарызацыі Беларусі.
,,Зараз наступны пакет санкцыяў, які прапануецца Еўразвязам, – за парушэнне правоў чалавека. Бо мы бачым усе санкцыі ці за ваенную дапамогу Лукашэнкі Расеі, ці за міграцыйны крызіс, а што тычыцца правоў чалавека, то нічога не было. І мы заўжды канцэнтравалі на гэтым увагу, што ўсе тыя, хто маюць дачыненне да катаванняў, да выракаў, якія даюць нашым героям, – усе яны павінны панесці адказнасць.
Але я адзначала ў адным са сваіх выступаў, што гэтая паслядоўнасць палітыкі па прэсаванні рэжыму Лукашэнкі, па дэлегітымізацыі, па непрызнанні, павінна ісці поплеч з нашымі намаганнямі па вызваленні палітвязняў ужо зараз праз гуманітарныя каналы, праз дыпламатычныя каналы, але гэта не павінна быць зменай стратэгіі, зменай палітыкі Еўразвязу ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі.
– На якую падтрымку могуць разлічваць дэмакратычная супольнасць і сваякі палітвязняў? Што абяцала кіраўніцтва Еўразвязу?
– Падтрымка дэмакратычнай супольнасці застанецца на ўзроўні апошняга года. Як я ўжо казала, падтрымка пойдзе на грамадзянскую супольнасць, медыі, праваабарончыя арганізацыі, дапамогу палітвязням. І канечне, нашая задача – павялічыць гэтую дапамогу, бо патрэбы растуць. Мы бачым, як закрываюцца многія медыяпраекты, як пакутуюць блогеры, у якіх важная задача – данесці інфармацыю да беларусаў, але няма магчымасці працаваць.
Вялікая патрэба ў дапамозе рэпрэсаваным, іх колькасць таксама павялічваецца, [да гэтага таксама адносяцца. – Заўв. рэд. «Белсату»] легалізацыйныя пытанні… То бок шмат чаго патрэбна, і тут мы, канечне, звяртаемся па дапамогу да нашых дэмакратычных саюзнікаў і абгрунтоўваем ім, чаму дапамогу трэба павялічыць. Вось мы сустракаліся з новай камісаркай Кос у гэтым пытанні. Добра, што [дапамога] засталася на тым жа ўзроўні, але мы будзем далей працаваць, каб яшчэ была вылучаная дадатковая дапамога.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Размаўляла Юлія Лабанава belsat.eu