навіны

Праз тры гады змагання за ўласныя правы першай сям’і беларусаў у Грузіі канчаткова адмовілі ў прытулку

Пікет беларусаў у Грузіі супраць расізму. Фота: Ян Шміт-Уітлі
Пікет беларусаў у Грузіі супраць расізму. Фота: Ян Шміт-Уітлі
podpis źródła zdjęcia

Апеляцыйны суд у Тбілісі не задаволіў скаргі беларускай сям’і на адмову ў палітычным прытулку і гуманітарным статусе ў Грузіі. Гэта першая вядомая праваабаронцам справа, калі беларусы вычарпалі ўсе магчымыя ў Грузіі варыянты абскарджання.

Паводле праваабаронцы Рамана Кісляка, гаворка ідзе пра жанчыну, якая застаецца ў Грузіі разам са сваім дзіцём і партнёрам. Іхныя імёны не раскрываюцца з гледзішча бяспекі.


У Грузію жанчына прыехала яшчэ ў 2019 годзе. У жніўні 2020 года, пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, яна звярнулася да грузінскіх уладаў з просьбай даць прытулак. У лістападзе таго ж года ў яе нарадзілася дзіцё.


У лютым 2022 года ўлады Грузіі адмовілі ў прытулку ёй і партнёру, а ў сакавіку – дзіцяці. У траўні таго ж года сям'я абскардзіла гэтае рашэнне.


Як паведамляе праваабаронца, да снежня 2024 года справа разглядалася ў тбіліскім гарадскім і апеляцыйным судах. Апеляцыйны суд некалькі разоў скасоўваў пастановы суда першай інстанцыі і накіроўваў справу на новы разгляд. У выніку апеляцыйны суд у Тбілісі не задаволіў скаргі беларускай сям’і на адмову ў палітычным прытулку і гуманітарным статусе ў Грузіі. Цяпер у сям’і ёсць месяц на тое, каб пакінуць краіну, калі не знойдуцца іншыя падставы застацца ў Грузіі.


Нагадаем, «Белсат» ужо пісаў пра тое, што становішча «палітычных» беларусаў у Грузіі сур'ёзна пагаршаецца. На дадатак да візавых пастак і прыняцця Закону аб замежных агентах цяпер – пасля абвяшчэння вынікаў выбараў у Грузіі – беларусам пачалі масава адмаўляць у прытулку. Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі прызнае, што некаторыя «палітычныя» беларусы адпавядаюць крытэрам Жэнеўскай канвенцыі і закону Грузіі аб міжнароднай абароне, але пры гэтым адказвае, што перабыванне беларусаў на тэрыторыі Грузіі можа «супярэчыць інтарэсам краіны» – прызнаюць пагрозаю дзяржаўнай бяспецы. Але нават пасля гэтай адмовы шмат якія беларусы, калі б і хацелі з'ехаць, не могуць гэтага зрабіць: у іх скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта ці ім не даюць візы.


Толькі за апошнія некалькі месяцаў дакладна вядома пра 26 выпадкаў адмовы ў міжнароднай абароне.


Афіцыйная статыстыка гэтую інфармацыю пацвярджае. Паводле МУС Грузіі, па абарону з пачатку з'яўлення беларусаў у гэтай статыстыцы (2019 год) звярнуліся 73 асобы. Характэрна, што 32 з іх зрабілі гэта ў 2024-м. І сапраўды, пакуль ніводзін беларус, чыю справу ўжо разгледзелі, міжнароднай абароны ў Грузіі не атрымаў.


Цікава, што ў 2019–2022 гадах такія выпадкі былі адзінкавыя. У 2023-м і цягам першых двух кварталаў 2024 года адмоваў не было зусім. Затое ў трэцім квартале 2024-га – адразу 26 адмоваў.


«Мы мяркуем, што ва ўрадзе Грузіі пастанавілі адмаўляць у міжнароднай абароне ўсім беларусам. Мы патрабуем спыніць дыскрымінацыю ў дачыненні беларусаў пры атрыманні ўцякацтва», – кажа Раман Кісляк.


У звязку з гэтым беларусы пачалі штотыднёвыя акцыі пратэсту супраць дыскрымінацыі беларусаў у Грузіі, у прыватнасці супраць адмоваў у палітычным прытулку пры разглядзе просьбаў аб міжнароднай абароне.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10