Фландрыя зробіць унёсак у праграму дзеянняў Рады Еўропы на 2024–2025 гады, якая прадугледжвае «навучанне і аператыўнае падтрыманне журналістаў у выгнанні». Такім чынам рэгіён «умацоўвае незалежныя СМІ, якія ёсць незаменнай апорай дэмакратыі».
«Свабодныя і незалежныя СМІ жыццёва важныя для абароны дэмакратычных каштоўнасцяў. Дзякуючы гэтаму падтрыманню Фландрыя дапамагае журналістам, якія пад велізарным ціскам працягваюць працаваць над аб’ектыўным і надзейным асвятленнем падзеяў», – паведамляе «Belga News Agency» са спасылкай на міністра-прэзідэнта рэгіёну Фландрыя Мат'яса Дыпэндале.
Паведамляецца, што ён сустрэўся са Святланай Ціханоўскай у Бруселі ў рамках Дзён Беларусі – еўрапейскай ініцыятывы, накіраванай на прыцягненне ўвагі да дэмакратычных рухаў і правоў чалавека ў Беларусі.
Нагадаем, Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце паводле колькасці журналістаў, якія застаюцца ў зняволенні. Пра гэта ў сваёй штогадовай справаздачы паведаміла праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF). Найбольшая колькасць арыштаваных журналістаў сёння зафіксаваная ў Кітаі (124), Бірме (61), Ізраілі (41), Беларусі (40), Расеі і В’етнаме (па 38).
Таксама 12 снежня стала вядома, што на 2025 год Еўразвяз вылучыць 30 млн еўраў на падтрыманне беларускіх дэмакратычных сілаў, у тым ліку на падтрыманне журналістаў у выгнанні.
Надзея Вольная belsat.eu