навіны

Беларускі адвакат набыў на аўкцыёне ў Парыжы літаграфію Шагала

Ілля Салей
Ілля Салей з набытай ім літаграфіяй Марка Шагала. Фота: блог «Люди»
podpis źródła zdjęcia

Беларускі адвакат Ілля Салей, які ў 2020 годзе быў юрыстам штабу Віктара Бабарыкі і абараняў Марыю Калеснікаву, купіў на парыжскім аўкцыёне адну з працаў Марка Шагала, піша блог «Люди».

Навіну пра аўкцыён Ілля, які цяпер жыве на два горады – Варшаву і Лондан, і працуе ў Офісе Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця ды ўваходзіць у каманду Віктара Бабарыкі, убачыў некалькі месяцаў таму. Таргі, якія праходзілі онлайн увосень, ладзіў аўкцыённы дом Christie’s у Парыжы.


Ілля кажа, што спачатку зарэгістраваўся проста з цікавасці, бо большая частка лотаў каштавала занадта дорага. Аднак потым вырашыў зрабіць стаўку на працу Марка Шагала. Калі вырашаў удзельнічаць у аўкцыёне, браў прыклад з Віктара Бабарыкі, кажа Ілля:

,,

«Вядома, мая пакупка непараўнальная з тым, што для беларускай культуры зрабіў Віктар Дзмітрыевіч, але гэта ўсё ж мой невялікі ўнёсак і мой першы крок».


Літаграфію Шагала Ілля абраў, бо яна яму спадабалася візуальна і падыходзіла па бюджэце.

«Густ у мяне не вытанчаны – яна вялікая і яркая. І гэта не алей, а літаграфія. Менавіта гэтая праца намаляваная на вокладцы кнігі пра літаграфіі Шагала «Chagall Litographe II (1963)», – распавядае Ілля.

Адвакат у выніку набыў гэтую літаграфію, але колькі заплаціў – не кажа. На сайце аўкцыённага дому пазначана, што першапачатковы кошт вагаўся ад 900 да 1800 еўраў, а прадалі твор за 2394 еўраў.

Салей распавёў, што ў яго ёсць папярэдняя дамоўленасць з беларускай бібліятэкай ім. Скарыны ў Лондане, што літаграфія нейкі час пабудзе там.

«Мне здаецца разумным, каб пакуль яна пагасцявала ў самым беларускім месцы Лондану, а магчыма, і ўсёй нашай эміграцыі», – кажа юрыст.

Ілля выказвае спадзяванне, што аднойчы набытая ім праца Шагала ўбачыць Менск ці Віцебск.

Ілля Салей быў затрыманы 9 верасня 2020 года ў Беларусі паводле ч. 3 арт. 361 КК РБ – «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (справа супраць сябраў Каардынацыйнай Рады).

16 верасня юрыста перавялі пад хатні арышт, у красавіку змянілі меру стрымання на вызваленне пад заклад. Беларускія праваабаронцы прызналі Салея палітвязнем. У жніўні 2021 года Ілля Салей пакінуў Беларусь.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10