навіны

«Беларуская выведка мелася скласці 2 + 2». Менск западозрылі ва ўзбраенні апанентаў Асада

img
Вайсковец з супрацьтанкавым ракетным комплексам «Конкурс». Фота: Ministry of Defence of the Russian Federation / mil.ru / wikimedia.org
podpis źródła zdjęcia

Беларускі расследавальніцкі цэнтр даведаўся, што ў 2015 годзе партыя супрацьтанкавых ракетных комплексаў і гранатамётаў трапіла з Беларусі да сірыйскай апазіцыі пры пасярэдніцтве Балгарыі, ЗША і Саудаўскай Аравіі. Кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч у каментары «Белсату» прызнаў: доказаў, што Менск адмыслова ўзбройваў паўстанцаў, бракуе, аднак беларуская выведка мусіла здагадацца, хто атрымае зброю.

У 2015 годзе Беларусь прадала Балгарыі 240 пераносных супрацьтанкавых ракетных пускавых сістэмаў «Конкурс» і 140 ручных гранатамётаў АГС-17, атрымаўшы за гэта € 37,9 млн, паведаміў БРЦ. У тым жа годзе афіцыйная Сафія аддала 216 комплексаў «Конкурс» Саудаўскай Аравіі і ЗША, прытым што войскі гэтых краінаў не маюць патрэбы ў савецкай зброі. А ў той час Злучаныя Штаты рэалізоўвалі праграму вайсковай дапамогі сірыйскай апазіцыі.

Цырымонія афіцыйнай сустрэчы Башара Асады і Аляксандра Лукашэнкі ля рэзідэнцыі кіраўніка беларускай дзяржавы. Менск, Беларусь. 26 ліпеня 2010 года. Фота: president.gov.by
Дракахруст: Лукашэнку не абавязкова напаткае лёс Асада навіны

У размове з «Белсатам» кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч раскрыў, што даведацца пра першы ланцужок маршруту ўдалося дзякуючы справаздачы Балгарыі ў межах дамовы аб кантролі за распаўсюдам зброі. І хаця фармальна ўгода была паміж Менскам і Сафіяй, у Беларусі не маглі не ведаць, для каго насамрэч гэтыя супрацьтанкавыя комплексы.


«Адзін супрацоўнік амерыканскай падраднай фірмы "Regulus Global" кажа свайму вайсковаму інструктару, што ў яго замоўленыя палігоны ў Беларусі для выпрабаванняў гэтага СТРК. Ці ён насамрэч быў у Беларусі, мы гэтага не ведаем. Але мы бачым, што былі ўзаемадзеянні ўжо для таго, каб дамовіцца, зарэзерваваць выпрабаванне супрацьтанкавага ракетнага комплексу. Нейкі звычайны грамадзянін, а асабліва амерыканскі вайсковы кантрактнік, відавочна, пра гэта дамовіцца не можа без ухвалення найвышэйшых уладаў. Так што як мінімум яны ведалі пра тое, што гэта амерыканскія падрадчыкі і, імаверна, маглі ведаць, што гэтая фірма звязаная з Пэнтагонам», – кажа Івашкевіч.


Пра тое, што інструктар кампаніі – падрадчыка Пэнтагону меўся прыехаць у Беларусь, сталася вядома дзякуючы аднаму судоваму працэсу:


«У Балгарыі на палігоне падчас тэставання такіх жа СТРК, якія пастаўляла Беларусь, амерыканскі вайсковы інструктар падарваўся праз нейкую дысфункцыю ўзбраення. Ягоная сям'я падала ў суд на гэтую кампанію, і ў межах разбору яны былі вымушаныя абнародаваць некаторыя перапіскі гэтай кампаніі, дзе інструктару пісалі, што на наступным тыдні ты ў Балгарыі на палігоне, а на гэтым тыдні – у Беларусі».


Як растлумачыў Івашкевіч, ЗША адмыслова шукалі для сірыйскіх апанентаў Башара аль-Асада старую зброю, каб і дапамагчы, і каб гэтая зброя потым не нанесла вялікай шкоды самым амерыканцам, бо сірыйскія групоўкі не надта надзейны хаўруснік: сёння яны сябруюць, а заўтра абвяшчаюць джыхад:

,,

«Амерыканцы не хацелі, каб, напрыклад, "Javelin" пачалі страляць па амерыканскіх танках. Яны шукалі менавіта такое ўзбраенне, што было б дастатковым для асадаўскіх танкаў, але не было б небяспечным для ўмоўных "Abrams". Калі скласці два плюс два, каго ў рэгіёне на той момант у такіх аб'ёмах магла падтрымліваць Саудаўская Аравія? Вельмі сумняюся, што беларуская выведка не магла скласці два плюс два».


Такім чынам, падсумаваў кіраўнік БРЦ, хаця і бракуе доказаў, што Менск адмыслова ўзбройваў сірыйскіх паўстанцаў, але, падобна, улады ведалі, што зброю могуць атрымаць супернікі аль-Асада.

Цэнтр сірыйскага гораду Хама пасля захопу апазіцыйнымі ўзброенымі групоўкамі. 5 снежня 2024 года. Фота: Ammar Hatib/Anadolu via Getty Images
«Новы рэжым можа быць люцейшы». Сірыі прадказваюць цяжкія часы пасля краху Асада Аналітыка

Вайна ў Сірыі пачалася ўвесну 2011 года і збольшага сцішылася ў 2020-м, з таго часу адбываліся толькі лакальныя сутыкненні. Аднак напрыканцы лістапада сёлета шматлікія групоўкі пачалі наступ, і за 11 дзён зрынулі Башара аль-Асада, які кіраваў краінаю 24 гады, а на апошніх прэзідэнцкіх выбарах у 2021 годзе набраў, паводле афіцыйных звестак, 95,1 % галасоў.


Асад уцёк у Расею.


10 снежня Аляксандр Лукашэнка заступіўся за яго, заявіўшы, што той і не дыктатар, і не забойца:


«Які Башар Асад дыктатар? Лекар паводле прафесіі, я яго даўно ведаю. У нас добрыя былі чалавечыя стасункі. Аніякі ён не дыктатар. Ён лячыў людзей. Ён ніколі нікога не забіваў».


Лукашэнка таксама згадаў бацьку Башара Хафэза аль-Асада, які 29 гадоў кіраваў Сірыяй перад тым, як пасаду заняў сын:


«Гэта была велічыня. Ён памёр даўно, цяпер яны руйнуюць ягоныя помнікі. А гэта ж ён стварыў гэтую дзяржаву. Багатую на рэсурсы, нафту і гэтак далей».


У 2010 годзе Лукашэнка, прымаючы Башара аль-Асада ў Менску, назваў Сірыю «нашымі сябрамі» і запэўніў, што «з сябрамі мы ўмеем будаваць стасункі і гатовыя зрабіць усё, што вы пажадаеце».


«Сірыя для Беларусі не толькі перспектыўны партнёр на Блізкім Усходзе, але і самы блізкі сябар», – казаў тады беларускі палітык.


Вітаўт Сіўчык, Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10