У 2024 годзе на Беларусь абрынуўся страшны ўраган, людзей працягвалі рэпрэсаваць, шлях у Еўропу стаў яшчэ больш закрытым. Аднак шматлікія дрэнныя падзеі не забралі ў людзей пачуцця гумару – жартавалі багата. «Белсат» узгадвае, што смяшыла беларусаў у гэтым годзе.
Традыцыйна адзін з галоўных пастаўляльнікаў мэмаў у Беларусі – гэта Аляксандр Лукашэнка. Цягам года ён некалькі разоў ізноў патрабаваў знайсці ў Беларусі нафту.
На гэта адрэагаваў сатырычны Telegram-канал «Советская Белоруссия», прыдумаўшы жартаўлівую цытату Лукашэнкі:
,,«Калі будзем свідраваць прынамсі па адной свідравіне ў дзень, то гэта ўжо будзе вынік!»
Беларусы пасмяяліся і з вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Расеі. Пасля таго, як была абвешчаная перамога Уладзіміра Пуціна, які нібыта набраў 87,28 % галасоў, Экс-Джыпсінкоў напісаў у Х:
,,«Уладзімір Пуцін з вынікам 87,8 % выйграў выбары прэзідэнта Саюзнай дзяржавы, абышоўшы свайго галоўнага канкурэнта Аляксандра Лукашэнку з 80,1 %».
Вядома, жартавалі і пра эміграцыю. У 2024 годзе ў сацсетках завірусілася песня, якую напісаў і праспяваў штучны інтэлект. Трэк пра тое, як выдатна жыць у Беларусі з высокім заробкам, амаль бясплатнай медыцынай і будаваць кватэру. Пачынаецца песня такімі словамі:
«Далась тебе вот эта Польша, в РБ зарплата больше».
Пад яе беларусы сталі запісваць жартоўныя відэа, напрыклад, журналіст і стэндап-комік Міхась Ільін накладваў яе на відэа з подпісам «калі ў Польшчы забалеў зуб».
Адно з самых папулярных відэа ў TikTok коміка Славы Камісарэнка было пра тое, як недарэчна можна выглядаць, калі не выспацца.
У TikTok-акаўнце «KyKy.org», які вядзе журналіст Глеб Сямёнаў, разышлося відэа пра мару некаторых жыхароў Жыткавічаў і не толькі:
Яшчэ раптам папулярнымі сталі відэа, дзе Глеб Сямёнаў уключае сясцёр Груздевых і кажа іхны тэкст разам з імі. Адным з самых упадабаных аўдыторыяй было відэа, дзе Груздзевы распавядаюць, як выбралі будатрад замест адпачынку ў Балгарыі і ўяўлялі, што яны рабы.
Былі і жарты пра тыповыя з’явы для Беларусі – пераход дарогі толькі ў прызначаных месцах, эміграцыя і рост курсу долара.
Сатырычны Telegram-канал «Чай з малінавым варэннем» падзяліўся відэа, дзе бусел пераходзіць дарогу на пешаходным пераходзе. «Скажы, што ты ў Беларусі, не кажучы пра тое, што ты ў Беларусі», – гаворыцца ў подпісе.
А падчас актыўнага росту курсу долара з’явіўся пост, у якім прапагандыст Рыгор Азаронак паліць 1 долар, нібыта даказваючы адсутнасць панікі ў Беларусі.
Абсмяялі і «Атлант», які паабяцаў стварыць разумную лядоўню. Паводле версіі «Чаю з малінавым варэннем», такая лядоўня адразу мусіць адправіцца на мяжу, каб выехаць з Беларусі.
Летам стала вядома, што Ліцэй БДУ перайменавалі ў ліцэй імя Фелікса Дзяржынскага, стваральніка Усерасійскай надзвычайнай камісіі – папярэдніцы НКВД. У Х такое не маглі прапусціць:
Прыкметнай падзеяй і падставай для жартаў былі і прэзідэнцкія выбары ў ЗША. Міхась Ільін напісаў, што Аляксандр Лукашэнка возьме прыклад з Джо Байдэна і не будзе ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта ЗША.
Яшчэ адзін жарт з’явіўся пасля замаху на Доналда Трампа, калі яму параніла вуха на перадвыбарным выступе. Міхась Ільін успамінае з гэтай нагоды мэмную цытату Аляксандра Лукашэнкі з аповеду пра нібыта замах на яго ў 1994 годзе, таксама падчас перадвыбарнай кампаніі:
Пасля абвяшчэння прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі з’явіўся прапагандысцкі флэш-моб, у рамках якога людзі на камеру кажуць «Надо!» Яго запусцілі пасля словаў Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён пойдзе на выбары, калі людзі скажуць яму, што гэта «надо». Пры гэтым беларусы ананімна прызнаюцца, што людзі збіраюцца, каб зрабіць відэа, пад адміністрацыйным ціскам, як і ў ПВТ стаяць чэргі, каб паставіць подпіс за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.
«Советская Белоруссия» заўважыла, што «надо» вельмі сугучнае з «NATO». На відэа, якія падабраў паблік, сапраўды можна пачуць, быццам беларусы хочуць у NATO, а не Лукашэнку на пасадзе прэзідэнта:
Вось так беларусы абсмяялі часам вельмі няпростыя абставіны, з якімі даводзілася жыць у 2024 годзе.
Арсен Рудэнка belsat.eu