Распыталі аўтара кнігі «Дапаможная паліцыя, мясцовая адміністрацыя, СД і Шоа на ўкраінска-расейска-беларускім памежжы (1941–1943)» Юрыя Радчанку пра саўдзел мясцовага хрысціянскага насельніцтва ў пераследзе, рабаванні і забойстве суседзяў-габрэяў.
– Архівы КГБ ва Украіне, у адрозненне ад Беларусі, былі адкрытыя і цяпер даступныя. Падчас вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны расейцы пачалі актыўна вывозіць архівы СБУ (КГБ) з акупаваных тэрыторыяў: Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запарожскай вобласцяў. Як гэта адбіваецца на даследаваннях?
– Асноўныя крыніцы, з якімі я працаваў, – гэта Усходняя Украіна. Пісаў пра ўкраінска-расейска-беларускае памежжа, і ўкраінскія крыніцы ў даследаванні дамінуюць. Акурат гэта і былі рассакрэчаныя архівы СБУ з Харкава, Чарнігава, Сумаў, Запарожжа. Адкрыццё архіваў ва Украіне таксама мела доўгі шлях, у залежнасці ад рэгіёну была розная палітыка, як даваць дазвол капіяваць дакументы.
Але вайна, яшчэ з 2014 года, пасля акупацыі Крыму і часткі Данецкай і Луганскай вобласцяў... тады ўжо знікла частка архіваў. Невядома да сёння, якая сітуацыя з крымскім архівам. З копіямі дакументаў з Луганску і Данецку я азнаёмліваўся або ў мемарыяле Яд Вашэм у Ізраілі, або ў Вашынгтоне, у Музеі Шоа. Калі пачалася поўнамаштабная вайна ў 2022 годзе, то вялікая колькасць дакументаў была проста знішчаная, як архіў СБУ ў Чарнігаве. Таму з некаторымі дакументамі можна пазнаёміцца цяпер выключна ў маёй кнізе. Цяпер мне копіі дакументаў з архіваў СБУ дасылаюць нават з прыфрантавых гарадоў, напрыклад, з Мікалаева.
Калі казаць пра Беларусь, то я пісаў пра Гомельшчыну, пра тое, дзе і як расейскія і беларускія нацыяналісты з БНП (Беларуская незалежніцкая партыя) і НПСРС (Народна-працоўны Саюз расейскіх салідарыстаў) змагаліся за мясцовае самакіраванне. Там асноўныя дакументы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі для расследавання злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых, якія на пачатку 1990-х былі рассакрэчаныя. Таксама добрым матэрыялам для даследавання быў Архіў вуснай гісторыі, таксама аналізаваў нямецкія справаздачы айнзацгрупаў. Што датычыць архіву беларускага КДБ, гэта праблема і яна толькі пагаршаецца. Яд Вашэм і Музей Шоа ў Вашынгтоне не маюць і не мелі магчымасці працаваць з беларускімі архівамі. ФСБ адкрыла свае архівы ў 1990-х гадах, і я там працаваў з копіямі дакументаў Харкаўскай справы 1943 года. Уласна, гэта і адбіваецца на тым, што беларускай гістарыяграфіі Галакосту не існуе да сёння.

– Як ва Украіне ставяцца да панятку калабарацыянізму? Дзе мяжа, чым яна вызначаецца?
– Сітуацыя ва Украіне радыкальна адрозніваецца ад сітуацыі ў Беларусі. І яна пагаршаецца ваеннай сітуацыяй. Цяпер два падыходы: неасавецкі, дзе Савецкі Саюз ідэалізуецца, Расея ёсць правапераемніцай, рэтушуюцца злачынствы сталінскага рэжыму і, паводле гэтага падыходу, усе ўкраінскія групы ўспрымаюцца як калабарацыйныя. Але ў гэтым постсавецкім падыходзе не было месца для Шоа. Шоа інструменталізавалася. Пэўная частка нацыяналістаў забівала габрэяў у часе вайны, што ёсць праўдаю, але гэта палітычна выкарыстоўвалася з мэтаю дэлегітымізаваць тыя дзяржавы, што ўтварыліся. І габрэям там не спачуваюць. І тут канцэпцыя супраць савецкага народу, якая актыўна падымаецца і ў Расеі, і ў Беларусі.
Ёсць пашыраная нацыяналістычная канцэпцыя, што розныя групы: бандэраўцы (АУН(б)), АУН(м), бульбаўцы... што яны былі выключна гераічныя, яны змагаліся за дзяржаву, ваявалі супраць Гітлера і Сталіна. Пры гэтым нівелююцца праблемы калабарацыі на розных этапах: удзел у забойстве габрэяў, палякаў, нелаяльных украінцаў. Паказваецца, што яны героі, змагаліся за незалежнасць і загінулі, але пры гэтым гісторыя там можа быць даволі рознай: умоўна, што асоба ў 1941 годзе была ў паліцыі, у 1943 годзе пайшла ў бандэраўскае падполле, ваявала супраць немцаў, паралельна забівала палякаў, забівала габрэяў, якія хаваліся ў лясах, ваявала потым супраць немцаў, а потым супраць саветаў, а потым загінула ў 1947 годзе даволі гераічна. За часоў Кучмы была спроба аб'яднаць дзве гэтыя мадэлі, але не выйшла.
– Ці ўдзельнічалі беларускія нацыяналісты ў Шоа?
– У сваёй кнізе згадваю, што cябра НПСРС Мікалай Алферчык быў прызначаны начальнікам сакрэтна-палітычнага аддзелу гарадской паліцыі ў Смаленску. Ён кіраваў масавымі арыштамі і расстрэламі, у якіх браў удзел асабіста. Адным з такіх злачынстваў сталася забойства вялікай групы ромаў і жыхароў габрэйскага гета ў 1943 годзе. За гэта нацысты ўзнагародзілі Алферчыка ордэнам. Ён нават зрабіўся героем прапагандысцкага фільму «Нашы сябры», у якім гаворыцца, што за сваю «самаадданую працу» ён быў двойчы ўзнагароджаны ордэнам, адмыслова ўведзеным загадам Адольфа Гітлера для ўсходніх вобласцяў. Пазней Алферчык атрымаў пасаду оберштурмфюрэра СС і актыўна працаваў у СД. У канцы 1943 года Алферчык пераехаў у Беларусь і далучыўся да Беларускай краёвай абароны.
У 1930-ыя гады антысемітызм быў папулярнай часткай правых кансерватыўных ідэалогіяў. Будзем шчырымі, габрэяў не любілі ўсе. У праварадыкальным, кансерватыўным аспекце моду на антысемітызм задавала нацысцкая Нямеччына. Напрыклад, італьянскі фашызм у першыя гады свайго існавання не меў антысеміцкага элементу. Відавочна, што антысемітызм быў часткай ідэалогіі АУН (мельнікаўцаў) і АУН (бандэраўцаў): не дамінаваў, быў на другім-трэцім плане, але не на першым. Калі прывесці прыклад, мельнікаўцы разважалі, што калі немцы дадуць дзяржаўнасць украінцам, то што рабіць з габрэямі? Ісці нямецкім шляхам? Але калі ісці нямецкім шляхам, то якім? Габрэяў выселіць? Забіць? Ці частку выселіць і забіць?
Існуе дыскусія, ці была мода на антысемітызм. Ці гэта было складаваю часткаю ідэалогіі гэтых партыяў? У 1942–1943 гадах бандэраўцы зразумелі, што калі будзеш на баку нацыстаў, то згубіш сімпатыі ўкраінцаў. І яны пачалі адыходзіць ад антысемітызму ў сваёй прапагандзе. Але ёсць брашуры з 1943 года, дзе гэтая тэндэнцыя антысемітызму ішла далей. Бо хіба людзям складана хутка змяняць свае падыходы. Асабліва ў той сітуацыі, калі частка чальцоў АУН у 1941–1942 гадах брала ўдзел у антыгабрэйскіх акцыях, будучы, напрыклад, у складзе паліцыі. Рабіць асаблівыя рахункі АУН у гэтай сітуацыі, я не ўпэўнены, ці варта. Бо гэтая сітуацыя была пэўнаю нормаю таго часу, на жаль. Пытанне іншае: ці трэба гэтых людзей ідэалізаваць? І глядзець на іх як на прыклад ува ўсім?
Я ў палітыцы памяці для ўкраінцаў знаходзіў бы людзей больш памяркоўных, больш адэкватных. Напрыклад, мітрапаліт Андрэй Шэптыцкі, які з хрысціянскага тэалагічнага гледзішча крытычна ставіўся да іўдаізму. Ён уважаў, што іўдаізм – гэта рэлігія «старога запавету» і габрэяў трэба ліберальнымі метадамі павярнуць у хрысціянства, але мітрапаліт як хрысціянін габрэяў ратаваў. І не трэба забывацца, што людзі падчас вайны ўсе былі траўматызаваныя псіхалагічна.

– Кніга прысвечаная мясцовай адміністрацыі і палітыцы. У якіх суадносінах цывільная і вайсковая адміністрацыі ўдзельнічалі ў Шоа? На кім адказнасць?
– Залежыць ад сітуацыі і месца. Калі мы гаворым пра памежжа беларуска-ўкраінска-расейскае ў перыяд 1941–1943 гадоў, то Шоа можна падзяліць на два перыяды. На сітуацыю на Гомельшчыне з канца лета 1941 да лета 1942 года і з лета 1942 года да канца акупацыі (найчасцей гэта восень 1943 года). Першы этап – гэта даволі хуткае забойства гэтых людзей, калі айнзацгрупы пры дапамозе вермахту і мясцовай паліцыі масава забівалі габрэяў. Але самакіраванне і мясцовая паліцыя не так актыўна былі задзейнічаныя. Ад трох-чатырох тыдняў да двух месяцаў ствараюцца часовыя гета, часам габрэяў перасяляюць туды, часам не перасяляюць. І паліцыя, і самакіраванне бяруць удзел у высыланні ў гета, але забойствамі кіруюць айнзатцгрупы Ц і Д. Але паліцыя самавольна бярэ ўдзел у гэтых працэсах. Але найбольш паліцыя і самакіраванне на памежжы Беларусі, Украіны, Расеі бяруць удзел у Шоа з вясны-лета 1942-га. Паліцыя і самакіраванне пачынаюць пошук габрэяў, якія выжылі і выдавалі сябе за ўкраінцаў, беларусаў, татараў, караімаў. Бо мясцовыя лепш за венграў і румынаў арыентаваліся, хто габрэй.
Размаўляла Наста Ільіна belsat.eu
Больш пра памяць пра Шоа глядзіце ў праграме «Intermarium»: