навіны

На самым буйным журналісцкім конкурсе Польшчы ўзнагароду атрымала кніга пра беларусаў Падляшша

Кніга Анеты Прымакі-Онішк «Каменне мусіла паляцець. Сцёртае мінулае Падляшша»
Кніга Анеты Прымакі-Онішк «Каменне мусіла паляцець. Сцёртае мінулае Падляшша». Фота: MOST
podpis źródła zdjęcia

Літаратурны рэпартаж Анеты Прымакі-Онішк пра жыццё беларускай меншасці Падляшша атрымаў узнагароду чытачоў у конкурсе «Grand Press 2024». У кнізе «Каменне мусіла паляцець. Сцёртае мінулае Падляшша» аўтарка апісала жыццё беларусаў на фоне гістарычных падзеяў і напружаных стасункаў з польскай большасцю.

Як паведамляе mostmedia.io, кніга «Каменне мусіла паляцець» выйшла ў 2024 годзе ў выдавецтве «Czarne». У ёй Анета Прымака-Онішк апісала драматычныя моманты, што належаць да перыяду Другой сусветнай вайны і першых гадоў пасля яе.


Аўтарка раскрыла гісторыю беларусаў Падляшша праз гісторыю сваёй сям’і. Ейны дзед Аляксандр Курыла быў заможным селянінам і вёў гаспадарку ў ваколіцах Кузніцы, што па дарозе з Беластоку да Гародні. Падчас савецкай акупацыі ў 1939 годзе суседзі ўгаварылі яго зрабіцца сакратаром сельсавету – хацелі, каб ва ўладзе быў чалавек, якому давяралі. У маі 1945 года Аляксандра забілі польскія антыкамуністычныя падпольшчыкі і назвалі гэта ліквідацыяй камуністычнага дзеяча.


Кніга адметная тым, што канфліктуе са звычайным для Польшчы рэпрезентаваннем антыкамуністычнага падполля – «выклятых жаўнераў» – у выключна пазітыўным святле.


«Варта нешта раскрыць, нешта сказаць, даць голас тым, хто быў пазбаўлены голасу. Я хацела зрабіць так, каб гэта адкрылася, каб гэта было важным для тых, хто з гэтых меншасцяў. З надзеяй, што гэта зблізіць нас. І гэта дапамагло будаваць лепшае грамадства, лепшую будучыню. І я вельмі радая, што вы купілі кнігу, што вы яе прачыталі, што вы прагаласавалі за гэтую кнігу», – сказала аўтарка падчас цырымоніі ўзнагароджання.


Анета Прымака-Онішк не першы год даследуе і апісвае мінулае беларусаў Падляшша. У ранейшай кнізе «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы» яна апавядае пра перажытае праваслаўнымі беларусамі ў час Першай сусветнай вайны і эвакуацыі ўглыб Расейскай імперыі. Тая кніга двойчы перавыдавалася па-польску і была перакладзеная на беларускую мову, атрымала літаратурную ўзнагароду імя Веслава Казанэцкага і званне Кнігі года Варшаўскай літаратурнай прэм’еры.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10