Беларусь на чацвёртым месцы ў свеце паводле колькасці журналістаў, якія застаюцца ў зняволенні. Пра гэта ў сваёй штогадовай справаздачы паведаміла праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF).
Паводле RSF, найбольшая колькасць арыштаваных журналістаў зафіксаваная ў Кітаі (124), Бірме (61), Ізраілі (41), Беларусі (40), Расеі і В’етнаме (па 38).
Агулам, як інфармуюць праваабаронцы, у турмах па ўсім свеце ўтрымліваюцца 550 журналістаў, і гэта на 7 % больш, чым летась.
Вядома, што ў 2024 годзе да пазбаўлення волі былі асуджаныя 72 журналісты, а іхны сумарны прызначаны тэрмін зняволення перавысіў 250 гадоў.
У справаздачы падкрэсліваецца, што гвалт над журналістамі, што «часта здзяйсняюць урады або ўзброеныя групоўкі пры поўнай беспакаранасці», патрабуе «неадкладнага адказу». Неабходна «тэрмінова мабілізаваць усе сілы для абароны журналістаў і журналістыкі», паведамляе «Позірк».
Таксама ў дакуменце адзначаная «трывожная інтэнсіфікацыя нападаў на журналістаў, асабліва ў зонах канфліктаў, дзе адбылася палова забойстваў журналістаў, зарэгістраваных сёлета».
Самым небяспечным рэгіёнам названы сектар Газа, дзе за пяць гадоў «загінула найбольшая колькасць журналістаў пры выкананні сваіх абавязкаў».
На думку генеральнага дырэктара арганізацыі Тыбо Брутэна, журналістаў у турмы «кінулі рэжымы».
«Гэтыя злачынствы, што часта арганізуюцца ўрадамі або ўзброенымі групоўкамі, топчуць міжнароднае права і занадта часта застаюцца беспакаранымі… Мы павінны абараняць тых, хто нас інфармуе, а значыць, абараняць праўду», – падкрэсліў Брутэн.
Нагадаем, у 2024 годзе Беларусь заняла 167-е месца ў сусветным індэксе свабоды прэсы. Для параўнання: у 2023-м мы былі на 157-м месцы, у 2022-м – на 153-м.
Надзея Вольная belsat.eu