Новы пакет дапамогі дэмсілам ад Еўразвязу будзе выдзелены ў памеры 30 млн еўраў. Пра гэта падчас канферэнцыі «Падтрыманне беларускага народу» ў Еўрапейскім парламенце заявіла еўракамісар у пытаннях пашырэння ЕЗ Марта Кос.
Як паведамляе карэспандэнт «Белсату» ў Бруселі, Кос заявіла, што Еўразвяз узмацніў падтрыманне беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці.
«З радасцю абвяшчаю пра новы пакет дапамогі для беларускага народу ў памеры 30 млн еўраў. Ён мае падтрымліваць незалежныя галасы, абаронцаў, а таксама дапаможа культуры і адукацыі ў выгнанні», – цытуе наш карэспандэнт заяву Кос.
Усяго, як распавяла еўракамісарка падчас свайго выступу на канферэнцыі, пачынаючы з 2020 года, памер падтрымання беларускім дэмакратычным сілам ад Еўразвязу склаў 170 млн еўраў.
Кос падкрэсліла, што Еўразвяз працягвае дапамагаць беларусаў у барацьбе за свабодную дэмакратычную суверэнную Беларусь.
Як пракаментаваў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, на грошы, што наступным годам выдзеліць беларусам Еўразвяз, у тым ліку плануецца падтрыманне незалежных беларускіх СМІ:
«Сёння абвясцілі пра пакет падтрымання для медыяў і грамадзянскай супольнасці – гэта 30 мільёнаў еўраў на 2025 год. Налета грамадзянская супольнасць забяспечаная. Ёсць гатовасць Еўрапарламенту прыняць рэзалюцыю ў пытанні Беларусі аб непрызнанні выбараў. Мы бачым, што не будзе ніякай адлігі з Лукашэнкам і вяртання да звычайнага бізнесу. Пытанне палітвязняў гучыць супервостра і ўсе паабяцалі зрабіць гэта прыярытэтам. Першае патрабаванне – вызваліць палітвязняў і спыніць рэпрэсіі».
12 снежня ў Еўрапарламенце адбылася канферэнцыя «Standing with the people of Belarus». Рабэрта Мэтсаля, Марта Кос, Святлана Ціханоўская, еўрадэпутаты і прадстаўнікі беларускіх дэмсілаў і ініцыятываў размаўлялі пра тое, як развязаць сітуацыю палітычных зняволеных і іхных сем’яў, вызначыць шляхі дэмакратычнага пераходу ў Беларусі, даследуючы ролю ЕЗ і партнёраў у падтрыманні мірнай і ўстойлівай дэмакратычнай будучыні.
Надзея Вольная, Юлія Лабанава belsat.eu