навіны

Чарговы пранк настаўніка Бохана – на «загад расейскага ўраду» настаўнікі палілі кнігі пра караля Льва, джынсы і партрэты ўладальнікаў «Грэмі»

Скрыншот з відэасправаздачы ад расейскіх настаўнікаў, размешчанай Уладзіславам Боханам. Фота: ByLOL / YouTube
Скрыншот з відэасправаздачы ад расейскіх настаўнікаў, размешчанай Уладзіславам Боханам. Фота: ByLOL / YouTube
podpis źródła zdjęcia

На чарговы «загад правесці патрыятычную акцыю» беларускага пранкера Бохана расейскія настаўнікі дзеля справаздачы палілі «атрыбуты заходняй культуры». У вогнішча кідалі абутак, дзіцячыя кнігі пра караля Льва, плюшавыя цацкі папулярных заходніх мультпэрсанажаў і нават партрэты нобелеўскіх лаўрэатаў.

Уладзіслаў Бохан – былы настаўнік гісторыі з Менску. На аснове эсэ італьянскага філосафа Умбэрта Эка, які вывеў у сваёй працы 14 прыкметаў фашызму, пранкер арганізоўвае ў Расеі акцыі паводле матываў кожнай з гэтых прыкметаў, каб праверыць, наколькі краіна ім адпавядае.


Гэтым разам Уладзіслаў Бохан ад імя ўрадавай расейскай партыі «Единая Россия» разаслаў у школы Варонежскай і Тульскай вобласцяў распараджэнне правесці патрыятычную акцыю пад назвай «Наш палымяны адказ».


Сутнасць гэтай акцыі – знішчыць «атрыбуты заходняй культуры». Пранкер даручыў настаўнікам спаліць кнігі аўтараў з «недружалюбных» краінаў ды іншыя рэчы, што «сімвалізуюць дэграданцкую заходнюю культуру». Такім чынам настаўнікі мусілі, нібыта, прадэманстраваць «прыхільнасьць да традыцыйных каштоўнасцяў і ачышчэнне ад уплыву недружалюбных дзяржаваў». І гэта не ўсё. Бохан узяўся праверыць, ці паддадуцца настаўнікі на розыгрыш паўторна, і паслаў ліст у тыя школы, дзе ўжо раней праводзіў іншыя пранкі.


Нагадаем, раней адразу некалькі расейскіх школаў адгукнуліся на заклік Бохана павіншаваць Уладзіміра Пуціна з днём нараджэння. Праўда, у руках яны трымалі раздрукаваны партрэт не Пуціна, а Сцяпана Бандэры. Сам пранкер лічыць гэта чарговым доказам адсутнасці крытычнага мыслення ў сістэме адукацыі.

Скрын з відэасправаздачы ад расейскіх настаўнікаў, размешчанай Уладзіславам Боханам. Фота: ByLOL / YouTube
Скрын з відэасправаздачы ад расейскіх настаўнікаў, размешчанай Уладзіславам Боханам. Фота: ByLOL / YouTube

Гэтым разам справаздачы наконт праведзеных «патрыятычных акцыяў», са словаў пранкера, даслалі педагогі з некалькіх навучальных установаў. Як вынікае з атрыманых Боханам фота- і відэасправаздачаў, настаўнікі прыцягнулі да выканання «распараджэння» нават дзяцей.


На фота з Архангельску відаць, як дзеці выкідаюць абутак, кнігі пра караля Льва, плюшавыя цацкі папулярных заходніх мультпэрсанажаў ды іншае. На другой фота- і відэасправаздачы бачна, як настаўнікі спальваюць джынсы, скрынкі ад «Windows 7» і фотаапарата, чорна-белыя партрэты нобелеўскіх лаўрэатаў і ўладальнікаў «Грэмі».


У межах гэтай акцыі Бохан ставіў за мэту праверыць, наколькі расейскае грамадзтва лаяльнае да нечага новага.


«Фашысцкія рэжымы славяцца барацьбой з мадэрнізмам і прагрэсам. Самай папулярнай праявай гэтага ёсць спаленне кніг у нацысцкай Нямеччыне. Ці магчыма такое ўявіць у 2024 годзе? На жаль. У Расеі спальваюць кнігі, партрэты навукоўцаў і дзеячаў культуры, а таксама дыскі з заходнім ПЗ і нават дзіцячыя цацкі», – пракаментаваў Бохан.


Што ўсё гэта пранк, паводле былога настаўніка з Менску, гэтым разам зразумелі толькі ў адной школе.


Надзея Вольная belsat.eu

 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10