навіны

Каб зіму не правесці ў гіпсе

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Каляндарная зіма ўжо пануе ў Беларусі, аднак кліматычнай мы яшчэ не бачым – снегу пакуль выпала няшмат. Тым не менш колькасць зімовых траўмаў ужо вырасла. Толькі цягам выходных жыхары Віцебшчыны амаль сто разоў звярнуліся да дактароў пасля падзенняў. Як зберагчыся ад траўмаванняў і што рабіць, калі гэта ўжо здарылася, запыталі адмыслоўцаў.

«Самыя частыя [траўмы], натуральна, – гэта пералом прамянёвай косткі ў тыповым месцы, бо людзі, падаючы, абапіраюцца на руку і ламаюць прамянёвую костку. Пераломы шчыкалатак вельмі часта здараюцца. І іншыя пераломы не выключаюцца: і бядровая костка, і хрыбет», – пералічвае траўматолаг Аляксей Носаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, штогод беларусы атрымліваюць каля сямісот тысяч траўмаў, і кожная пятая з іх – вынік галалёду. Далёка не заўсёды гэта пераломы.

Каб знізіць траўматызм, адмыслоўцы раяць насіць узімку абутак без абцасаў, з мяккай рыфленай падэшваю. Хадзіць лепш дробнымі крокамі, нібы слізгаючы, не спяшацца. Сумкі не насіць на плячы, бо змяняецца цэнтр раўнавагі. Калі ж страцілі раўнавагу, варта групавацца і падаць набок, не выстаўляючы выпрастаных рук.

,,

«Калі гэта боль у руцэ, то акуратна, прытрымліваючы руку (пажадана з дапамогай), устаць і скіравацца ў найбліжэйшы траўмапункт, каб зрабіць здымкі і адпаведныя працэдуры. Калі баліць нага, не спрабуйце рухацца самі, паклічце на дапамогу, тэлефоны ёсць ва ўсіх, званіце», – раіць Аляксей Носаў.


Рызыку траўмавацца ўзімку падвышаюць ранні надыход цемры і зменлівасць тэмператураў. Асабліва небяспечная – каля нуля, калі снег змяняецца дажджом і ўтвараецца лёд на ходніках. Не заўсёды гарадскія службы своечасова даюць рады сітуацыі.

«Працы добраўпарадкавання ажыццяўляюцца землекарыстальнікамі. За ўсё, што датычыць зямлі агульнага карыстання, адказвае выканкам. Калі з вамі штосьці здарылася, вы можаце звярнуцца ў адміністрацыю гораду ці раёну. Калі кажам пра Менск, то гэта адміністрацыя раёну», – кажа былая дэпутатка Менгарсавету Вольга Цесакова.

На мінулым тыдні стала вядома пра выпадак, калі жыхарцы Менску ўдалося прынамсі часткова атрымаць кампенсацыю шкоды ад падзення ад таварыства ўласнікаў. Паводле рэсурсу onliner.by, у пачатку года жанчына паслізнулася на абледзянелых сходах пры пад'ездзе і атрымала некалькі пераломаў, у тым ліку са зрушэннем. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by

Каб дамагчыся выплатаў за нанесеную шкоду здароўю, збіраць доказы трэба неадкладна, літаральна адразу пасля падзення.

,,

«Вы мусіце на тэлефон зняць відэа, фота, дзе вы ўпалі, зафіксаваць гэта. Далей – выклікаць хуткую, якая таксама зафіксуе і месца здарэння, і пашкоджанні. Потым – абавязкова ўзяць з бальніцы выпіску, нават калі гэта выцін, усё адно будзе подпіс доктара», – кажа Вольга Цесакова.


Таксама трэба захаваць чэкі на ўсе платныя працэдуры і рамонт пашкоджанага адзення ці рэчаў. Калі арганізацыя, адказная за прыбіранне, адмовіцца плаціць кампенсацыю, з гэтымі доказамі можна звяртацца ў суд.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10