навіны

«Станоўчая анамалія». Гэтая восень была адною з самых цёплых у гісторыі Беларусі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Буслы на паўразбураным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Зембін, Менская вобласць, Беларусь. 10 красавіка 2022 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Буслы на паўразбураным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Зембін, Менская вобласць, Беларусь. 10 красавіка 2022 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Сярэдняя па краіне тэмпература склала ўвосень плюс 9,5 градуса.

«Сярэдняя па краіне тэмпература за восеньскі сезон 2024 года была на 2,5 градуса вышэйшаю за кліматычную норму і склала плюс 9,5 градуса. Восень гэтага года заняла другое месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага сезону пачынаючы з 1881 года. Станоўчая анамалія распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі і была ў асноўным у межах ад 2 да 3 градусаў», – паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

У абласным разрэзе найбольшыя значэнні дадатных адхіленняў ад кліматычнай нормы адзначаныя ў Магілёўскай вобласці (у сярэднім 2,8 градуса), найменшыя – у Берасцейскай (2 градусы).

Сярэдняя па Беларусі тэмпература за верасень склала 17,5 градуса (вышэй за норму на 4,8 градуса), кастрычнік – 8,3 градуса (вышэй на 1,5 градуса), лістапад – 2,6 градуса (вышэй на 1 градус).

Першы восеньскі месяц быў самым цёплым за ўвесь перыяд назіранняў. Устойлівы пераход сярэднесодневай тэмпературы праз 15 градусаў у бок паніжэння здарыўся на 2-3 дэкады пазней, чым звычайна (з 19 да 29 верасня).

Максімальнае значэнне за гэты месяц (32 градусы цяпла) паказаў слупок тэрмометра днём 1 верасня на станцыі Кастрычнік, мінімальнае – на станцыі Лынтупы 30 верасня (0,8 градуса).

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10