З раніцы 11 снежня карыстальнікі ў Беларусі пачалі атрымліваць паведамленні ад «Google» пра тое, што з 13 снежня кампанія дэактывуе ўсе іхныя акаўнты менеджара рэкламы, «AdSense» і «AdMob».
Менавіта праз «AdSense» уладальнікі YouTube-каналаў могуць манетызаваць свой кантэнт і атрымліваць выплаты. Адлучэнне «AdSense» азначае забарону для беларусаў манетызацыі сваіх каналаў, а таксама сайтаў, піша «Motolko.Help».
Адзначаецца, што даход за снежань усё ж выплацяць прыблізна 21‒26 студзеня 2025 года, калі ў запісе не прыпыненае атрыманне плацяжоў і не дасягнуты парог аплаты.
Пры гэтым ужо з пачатку снежня карыстальнікі ў Беларусі не могуць зарэгістравацца ў «AdSense» і «AdMob», бо Беларусь проста знікла са спісу краінаў пры рэгістрацыі, і нават падлучыць ужо дзейны «AdSense» да сваіх YouTube-каналаў.
У верасні сталася вядома, што «Google» абмежаваў стварэнне новых акаўнтаў для карыстальнікаў з расейскімі тэлефоннымі нумарамі. Блакаванне, імаверна, было звязанае з пакетам санкцыяў ЗША, які пачаў дзеяць 12 верасня і забараняе IT-кампаніям надаваць паслугі ў Расеі. Тады меркавалася, што такія санкцыі могуць быць пашыраныя і на Беларусь.
Якуб Хруст belsat.eu