У Паўднёвай Карэі расследуюць мяцеж, звязаны з увядзеннем ваеннага стану прэзідэнтам краіны пры падтрыманні міністра абароны.
Кіраўнік антыкарупцыйнага следчага органу заявіў 11 снежня, што ведамства будзе імкнуцца затрымаць або арыштаваць прэзідэнта Юн Сок Ёля. Паводле закону, прэзідэнт не падлягае судоваму пераследу, пакуль застаецца ва ўладзе, акрамя выпадкаў мяцяжу.
,,«Калі сітуацыя дазволіць, мы паспрабуем экстранна арыштаваць або арыштаваць на падставе судовага ордару», – заявіў О Донг Ўун, кіраўнік Управы расследавання карупцыі з боку высокапастаўленых службовых асобаў, паведамляе «Yonhap».
Паводле О, у яго «дастаткова волі», каб арыштаваць Юна, але спачатку неабходна прытрымлівацца працэдураў. Цяпер прэзідэнт краіны абвешчаны падазраваным, яму забаронена выязджаць за мяжу.
Тым часам былы міністр абароны Кім Ёнг Хён спрабаваў учыніць самагубства ў следчым ізалятары на ўсходзе Сеулу, дзе яго ўтрымліваюць па абвінавачванні ў мяцяжы. Пасля няўдалай спробы Кіма ўтрымліваюць у ахоўнай камеры, ягонай здароўе застаецца стабільным, сказаў кіраўнік СІЗА.
Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль 3 снежня абвясціў увядзенне ваеннага стану ў краіне. Ён абвінаваціў апазіцыю ў кантраляванні парламенту і паралізаванні працы ўраду «антыдзяржаўнаю дзейнасцю». Паводле яго, такая захада неабходная для аднаўлення «вяршэнства права» ў краіне і выкаранення «гнюсных прапаўночнакарэйскіх антыдзяржаўных сілаў».
Пасля абвяшчэння ваеннага стану вайсковае камандаванне абвясціла пра забарону любой палітычнай дзейнасці, у тым ліку пратэстаў. Указ ставіў пад кантроль усе медыі і ўсіх выдаўцоў. Аднак супраць ваеннага стану прагаласаваў парламент краіны, і праз шэсць гадзінаў пасля ўвядзення Юн яго адмяніў.
5 снежня прэзідэнт абвясціў аб прыняцці адстаўкі міністра абароны Кім Ёнг Хёна. Пазней Юн выступіў са зваротам на нацыянальным тэлебачанні, у якім сказаў, што «шчыра шкадуе» пра сваю пастанову ўвесці ваенны стан.
,,«Мне шчыра шкада, і я прашу прабачэння ў людзей, якія, мабыць, былі вельмі здзіўленыя. Кажу шчыра: не будзе такой сітуацыі, як другі ваенны стан», – сказаў прэзідэнт.
Тым не менш пракуратура Паўднёвай Карэі абвясціла прэзідэнту краіны падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе і злоўжыванні ўладаю. Міністра абароны затрымалі.
Якуб Хруст belsat.eu