навіны

4 гады – журналістцы, 2,5 года – спеваку. Рэпрэсіі ў Дзень правоў чалавека

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: vitebskspring.org
podpis źródła zdjęcia

10 снежня 76 гадоў таму Генасамблея ААН ухваліла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. З тых часоў гэтая дата з’яўляецца штогадовай магчымасцю ацаніць вартасць правоў чалавека, звярнуць увагу на нейкі канкрэтны аспект гэтых правоў і падняць голас у імя таго, каб кожны, дзе б ён ні знаходзіўся, карыстаўся ўсімі правамі чалавека, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». У чарговым аглядзе «Белсату» – факты палітычнага пераследу ў Дзень правоў чалавека.

Суддзя Менскага гарадскога суда Вера Галаўкова адправіла ў калонію на 4 гады журналістку Вольгу Радзівонаву. У справе было ажно 4 крымінальных артыкулы: паклёп на Лукашэнку, абраза Лукашэнкі, дыскрэдытацыя Беларусі і распальванне варожасці. Журналістку затрымалі 7 сакавіка.

Вольга Радзівонава. Фота: baj.media
Журналістку Радзівонаву асудзілі на чатыры гады калоніі навіны

Спеваку Дзядзю Ваню далі 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Такі вырак у судзе Партызанскага раёну Менску агучыла суддзя Вольга Царык. Івана Вабішчэвіча – гэта сапраўднае імя артыста – прызналі вінаватым паводле «народнага» артыкулу аб «групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Спявак нібыта ўзяў удзел у акцыі ў Менску 23 жніўня 2020 года, выкарыстоўваў пратэсную сімволіку і рухаўся па праезнай частцы, «што парушыла працу транспарту і прадпрыемства».


Інфармацыя пра арышт артыста з'явілася 5 лістапада. Паводле неафіцыйных звестак, у сілавікоў і раней узнікалі пытанні да Вабішчэвіча, але прэтэнзіі нібыта ўдалося ўрэгуляваць. Гэта дазволіла артысту працягнуць музычную кар'еру, праўда, збольшага ў Расеі.

Іван Вабішчэвіч за кратамі ў судзе Партызанскага раёну Менску. 10 снежня 2024 года. Фота: sb.by
Іван Вабішчэвіч за кратамі ў судзе Партызанскага раёну Менску. 10 снежня 2024 года. Фота: sb.by

Сілавікі затрымалі 18-гадовую дзяўчыну за жарты над знаёмым міліцыянтам у TikTok. У якасці «доказу злачынства» праўладныя рэсурсы распаўсюдзілі два скрыншоты. На адным напісана: «Сначала менты нам не кенты», на другім: «Ничего необычного, просто кормлю мента у себя дома (чтоб не забрал в обезьянник)». 


На дзяўчыну склалі адміністрацыйны пратакол. Паводле якога артыкулу, невядома.


У Віцебскай вобласці 70-гадовага былога палітвязня зноў будуць судзіць за «распаўсюд экстрэмізму». Справу Аляксандра Патапава 12 снежня разгледзіць суддзя суда Віцебскага раёну Таццяна Лабацкая.


Раней таксама за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» мужчыну судзілі 31 кастрычніка, вынік таго пасяджэння невядомы. 


У 2022 годзе Патапаву прызначылі 2 гады калоніі за «абразу Лукашэнкі». Паводле версіі следства, мужчына напісаў абразлівыя каментары ў сацсетцы «Одноклассники» пасля таго, як у выніку абстрэлу Кіева загінула ягоная пляменніца, а ейная дачка была параненая. Увесну сёлета Патапаў выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. 

Аляксандр Патапаў. Крыніца: viasna96 / Telegram
Аляксандр Патапаў. Крыніца: viasna96 / Telegram

У Берасцейскім абласным судзе пачаўся завочны працэс супраць Аляксандра Чахоўскага. Раней яго судзілі разам з пяццю іншымі фігурантамі справы «Рудабельскай паказухі» і далі 3 месяцы арышту. Аднак Вярхоўны суд падчас апеляцыі адмяніў прысуд у дачыненні Чахоўскага і адправіў ягоную справу на перагляд. Астатнім фігурантам справы прысуд пакінуты без зменаў: Андрэю Павуку – 12 гадоў пазбаўлення волі, Вользе Павук – 8 гадоў, Маргарыце Ляўчук, Іллі Салянкову і Уладзіславу Наважылаву – ад 6 да 8 гадоў.


Следчы камітэт паведаміў пра «спецыяльнае вядзенне» супраць пяці асобаў, якіх назвалі ўдзельнікамі палка Каліноўскага: Арцёма Бігеля, Вячаслава Граноўскага, Ігнація Кірэева, Анастасію Махамет, Яна Мельнікава. Яны нібыта «аб'яднаныя ідэяй уварвання ў Рэспубліку Беларусь для ініцыявання ўзброеных сутыкненняў з праваахоўнымі органамі і ўзброенымі сіламі нашай краіны, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, захопу дзяржаўнай улады злачынным шляхам і ліквідацыі грамадзянаў, не згодных з прапагандуемай ідэалогіяй».


Фігурантаў абвінавацілі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «акт тэрарызму» і «арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі».


Спецыяльнае вядзенне – адмысловая працэдура, ухваленая ў Беларусі, якая дазваляе завесці крымінальную справу, зладзіць следства і вынесці прысуд без удзелу абвінавачаных.


Сілавікі прыйшлі з ператрусам у менскае рэкламнае агенцтва «AdPlanes». Раней яно называлася «Vondel» і належала Аляксандру Васілевічу (таксама валодаў «Галерэяй Ў» і быў суўладальнікам выдання kyky.org).


Вядома, што кіраўніцтва на месцы не было, у мабільных тэлефонах супрацоўнікаў шукалі «экстрэмісцкія» падпіскі. Пра затрыманні інфармацыі няма.


Выданне «Трыбуна» апублікавала падрабязнасці пераследу футбаліста Андрэя Салаўя і ягонай жонкі Аксаны. Іх затрымалі два месяцы таму на чыгуначным вакзале ў Бярозе і адвезлі ў РАУС. Там стала вядома, што прычынаю сталася нейкая фатаграфія з сужэнцамі, зробленая на мірнай акцыі пратэсту ў 2020 годзе ў Мінску. Зрэшты, пару хутка адпусцілі пад заклад да суда.


Падобна, Салаўі прыцягнулі да сябе ўвагу пасля таго, як сілавікі затрымалі аднаго са сваякоў жонкі футбаліста за ўдзел у акцыі пратэсту і вывучылі ў тэлефоне розныя чаты і перапіскі.


19 лістапада справу сужэнцаў разгледзелі ў судзе Першамайскага раёну Менску. Ім прызначылі 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову за «ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак».

Андрэй Салавей. Крыніца: bel.football
Андрэй Салавей. Крыніца: bel.football

Instagram-акаўнты выдання «Позірк» і Беларускай асацыяцыі журналістаў трапілі ў пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Акрамя таго, туды залучылі:


  • Telegram-каналы і чаты «Україна Online Чат», «Nord Division», «Itnews»;
  • Старонкі ў Instagram «starye_dorogi_life», «liauchuk», «jan_de_rudione», «thewesternbattalion»;
  • Сайт і сацсеткі праекту «veraplus.оrg»;
  • Старонку ў сацсетцы «ВКонтакте» «Горжусь Беларусью!»;
  • Акаўнты ў TikTok «Легион Свобода России», «Дужая&кiназалежная», «Biełaruskipatryjot».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10