Палітзняволеную журналістку Вольгу Радзівонаву асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Такі прысуд 10 снежня вынесла суддзя Менскага гарадскога суда Вера Галаўкова. Вольгу Радзівонаву абвінавацілі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч. 1 і 2 арт. 367 КК) і ў яго знявазе (ч. 1 арт. 368 КК), у дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 КК) і ў распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Працэс у справе журналісткі распачаўся ў Менскім гарадскім судзе 16 лістапада. Наступнае слуханне прайшло 27 лістапада.
Радзівонаву затрымалі 7 сакавіка 2024 года. Вядома, што падчас утрымання ў СІЗА № 1 яе накіроўвалі на псіхіятрычную экспертызу ў лякарню ў Навінках. 30 кастрычніка праваабарончая супольнасць прызнала журналістку палітычнай зняволенай.
Жанчына раней супрацоўнічала ў якасці фрылансеркі з беларускімі і замежнымі медыямі. Ейная хворая маці, якой больш за 80 гадоў, мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.
Паводле падлікаў БАЖ, на сёння 35 прадстаўнікоў медыяў застаюцца ў зняволенні ў Беларусі.
Якуб Хруст belsat.eu