Сусветная жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) назвала беларускую тэнісістку Арыну Сабаленку гульцом года. Яна атрымлівае гэтую ўзнагароду ўпершыню ў сваёй кар’еры «пасля бліскучага сезону».
«26-гадовая тэнісістка выйшла ў сем фіналаў у 2024 годзе і выгуляла чатыры тытулы, абараніўшы свой тытул „Australian Open“, падняўшы сваю дэбютную карону „US Open“ і выгуляўшы турніры серыі WTA 1000 „Cincinnati Open“ і „Dongfeng Voyah · Wuhan Open“. Яна вярнула сабе першы радок рэйтынгу „PIF WTA World“ у кастрычніку і завяршыла сезон на першай пазіцыі па выніках года пасля сваёй чацвёртай запар кваліфікацыі на „WTA Finals“», – адзначылі ў WTA.
Сара Эрані і Жасмін Пааліні прызнаныя лепшымі гульцамі ў парным разрадзе, Эма Навара – гульцом, які прадэманстраваў найбольш прагрэс, Лулу Сан – найлепшым пачаткоўцам, Паўла Бадас – вяртаннем года.
Арына Сабаленка зазнала вострую крытыку за сваю палітычную пазіцыю: у 2020 годзе тэнісістка падпісала праўладны ліст спартоўцаў, у 2021-м брала ўдзел у запісе навагодняга звароту Аляксандра Лукашэнкі.
Летась на прэс-канферэнцыі яна заявіла, што не падтрымлівае вайны, а значыць, не падтрымлівае Лукашэнкі «проста цяпер». Нягледзячы на гэта, самаабвешчаны кіраўнік Беларусі павіншаваў Сабаленку з перамогаю на «US Open», звярнуўшыся да яе на «ты».
Якуб Хруст belsat.eu