Урад Польшчы хоча палегчыць маладым беларусам магчымасці для навучання ў краіне. Змена правілаў дазволіла б выхаваць у Польшчы будучыя дэмакратычныя эліты, якія затым возьмуць уладу ў Беларусі.
Урад Польшчы хоча палегчыць маладым грамадзянам Беларусі навучанне ў Польшчы. Цяпер гэта амаль немагчыма, бо паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі сертыфікат аб іспытах за сярэднюю школу ў Беларусі дзейнічае толькі два гады. Таму беларусы, якія хочуць вучыцца ў Польшчы і ў якіх скончыўся тэрмін дзеяння сертыфікату, мусяць вярнуцца ў краіну, каб яго падоўжыць, што шмат для каго немагчыма. З гэтай прычыны прапануецца, каб сертыфікат аб іспытах за сярэднюю школу ў Беларусі быў прызнаны ў Польшчы бестэрмінова, паведамляе беларуская рэдакцыя Польскага радыё.
«Нам вельмі важна, каб палякі з Беларусі, а таксама прадстаўнікі апазіцыі, дзеці прадстаўнікоў апазіцыі маглі вучыцца ў Польшчы. Да гэтага часу маем заблакаваную сітуацыю: калі чалавек не падаў гэтага дакументу, ён не можа пачаць навучанне ў Польшчы», – заявіў віцэ-спікер Сенату Мацей Жыўна.
Змена правілаў магла б дазволіць выхаваць у Польшчы будучыя дэмакратычныя эліты, якія аднойчы возьмуць уладу ў Беларусі, патлумачыў на канферэнцыі ў Беластоку намеснік міністра навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Анджэй Шэптыцкі.
,,«Верым, што аднойчы гэтае пакаленне беларусаў, з аднаго боку – патрыётаў, а з іншага – тых, хто разумее вартасці дэмакратычнай Еўропы, пяройме ўладу ў Беларусі. І Беларусь пойдзе дэмакратычным, еўрапейскім шляхам развіцця. Гэта сцэнар на будучыню. Таму, каб эфектыўна яго зрэалізаваць, нам патрэбныя беларускія эліты ў будучыні. Мы імкнёмся падтрымаць развіццё гэтых элітаў», – сказаў ён.
Паводле яго, летась у Польшчы навучаліся каля 12 тысяч беларускіх грамадзянаў. Гэта, пасля ўкраінцаў, другая паводле колькасці група замежных студэнтаў.
Пакуль жа польскія навучальныя ўстановы патрабуюць ад беларусаў настрыфікацыі школьных атэстатаў і вынікаў ЦТ, не старэйшых за два гады. Праз гэта ўжо залічаным студэнтам-беларусам пагражае адлічэнне.
Гэтую праблему, сярод іншага, абмеркавалі прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў на сустрэчы з віцэ-маршалкам Сенату і чальцом дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» у польскім парламенце Міхалам Каміньскім.
Якуб Хруст belsat.eu