Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ў сваім звароце да Дня правоў чалавека, што адзначаецца 10 снежня, падкрэсліла, што «сёння, нават у сэрцы Еўропы, гэтыя відавочныя правы пад пагрозаю».
«Замест таго, каб быць гарантам нашых правоў, дзяржава ператварылася ў інструмент прыгнёту. Тысячы беларусаў былі кінутыя за краты за тое, што адважыліся абараняць сваю свабоду і годнасць. Іх трымаюць у жахлівых умовах, адбіраюць свабоду і здароўе, пазбаўляюць сувязі з роднымі. Я таксама адчуваю гэты боль: больш за 640 дзён я не магу даведацца пра лёс майго мужа», – сказала яна.
Святлана Ціханоўская адзначыла, што нават праваабаронцаў у Беларусі «пераследуюць, ізалююць, кідаюць за краты і выціскаюць з краіны за тое, што яны выконваюць сваю працу».
«Але каб змяніць сітуацыю, кожны з нас можа зрабіць свой унёсак. Напішыце сёння ліст ці паштоўку зняволеным, паклапаціцеся пра суседзяў, што засталіся адныя, працягніце руку дапамогі беларусам, якія толькі што вымушана эмігравалі і намагаюцца адаптавацца ў новай краіне. Гэта невялікія жэсты, але здольныя падарыць цяпло і надзею. Разам мы пераадолеем гэты крызіс і вернем Беларусь да свабоды, годнасці і павагі да правоў чалавека», – заявіла палітык.
Беларускім словам 2024 года сталася «інкамунікада». Яно азначае поўную ізаляцыю, пазбаўленне сувязі з вонкавым светам. Менавіта гэтак дадаткова катуюць палітвязняў. Так, аніякай сувязі няма з Сяргеем Ціханоўскім, Віктарам Бабарыкам, Міколам Статкевічам, Ігарам Лосікам.
Якуб Хруст belsat.eu