Пасля ўвядзення ўладамі Беларусі новага рэгулявання паслугаў таксі менчукі вымушаныя больш ездзіць на грамадскім транспарце. Пра гэта паведаміла першая намесніца старшыні Мінгарвыканкаму Надзея Лазарэвіч.
«Мы аналізавалі літаральна працу за апошнія дзевяць месяцаў нашага транспарту. У нас плюс 18 % росту паслугаў у наземным і плюс 8 % росту ў падземным. Гэта значыць, людзі больш пачалі ездзіць і ў метро, і на наземным транспарце», – сказала чыноўніца ў эфіры СТВ.
Паводле яе, улады «не паддаліся ні пад якія інфармацыйныя падставы», бо «калі ў нас ёсць задача, мы яе можам рашыць».
«Паверце, калі б 1 лістапада ў нас не выехалі ўсе таксі... але мы ж спланавалі працу, у нас была павялічаная колькасць наземнага транспарту, мы прынцыпова ведалі. Мы ж можам аналізаваць, мы ж разумныя людзі, мы прааналізуем, разумеем, якую гадзіну пік, паводле якіх маршрутаў ездзяць таксі, гэта ўсё ёсць. І мы сапраўды гэтак жа спланавалі, павялічылі колькасць маршрутак, павялічылі колькасць транспарту», – заявіла Надзея Лазарэвіч.
1 лістапада пачалі дзеяць новыя правілы пасажырскіх нерэгулярных перавозаў. Працаваць дазволена толькі тым, хто зарэгістраваўся ў адмысловым рэестры. Калі ж зловяць таксіста, які працуе без рэгістрацыі ў рэестры, парушэнне будуць разглядаць як «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць», а гэта пагражае нават канфіскацыяй аўта.
Улады неабходнасць новых правілаў абгрунтоўваюць клопатам пра бяспеку пасажыраў і жаданнем цалкам легалізаваць рынак, каб усе спраўна плацілі падаткі і не хавалі прыбытак. У выніку, паводле «Яндэкс Go», у першыя дні працы рэестру колькасць кіроўцаў на лініі скарацілася ў сярэднім на 25 % у краіне і на 35 % у Менску. Пры гэтым моцна падаражэлі паездкі: у сярэднім чэк вырас у 2–2,5 раза.
Якуб Хруст belsat.eu