Суд над найлепшым футбалістам краіны і шматдзетнай маці, прызнанне чарговых інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі» – у Беларусі не спыняецца палітычна матываваны пераслед грамадзянаў. Распавядаем пра рэпрэсіі, што сталі вядомымі 9 снежня, у нашым аглядзе.
Лесніка са Свіслачы 44-гадовага Вітольда Шалкевіча судзяць за каментары ў тэлеграме па шасці крымінальных артыкулах – разгляд справы пачаўся 9 снежня ў Гарадзенскім абласным судзе.
Вітольда затрымалі ў жніўні 2023 года на працы. Спачатку прысудзілі арышт за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», пасля перавялі з СІЗА. Па звестках праўладных тэлеграм-каналаў, Шалкевіч пакінуў некалькі тысяч каментароў у розных чатах.
Мужчыну абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК РБ), «арганізацыі або ўдзеле ў дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «глумленні з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК), «абразе суддзі» (арт. 391 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 1 і ч. 3 арт. 130 КК). Вітольду пагражае да 12 гадоў зняволення. Справу прызначаны разглядаць суддзя Руслан Гурын.
У Менскім гарадскім судзе распачаўся завочны працэс над Віталём Пацехіным і былым добраахвотнікам Палка Каліноўскага Паўлам Кулажэнкам па справе аб атацы дрону на базу АМАПу 25 верасня 2021 года. Справу разглядае суддзя Міхаіл Макарэвіч. Мужчынам інкрымінаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу. На іхную маёмасць накладзены арышт агульным коштам каля 240 тысяч рублёў.

9 снежня ў Гарадзенскім абласным судзе пачалі судзіць палітзняволеную маці траіх няпоўнагадовых дзяцей 45-гадовую Вікторыю Дамастой. Яе ўпершыню затрымалі напрыканцы студзеня падчас масавага хапуна супрацоўнікамі КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY. Падставай сталі лісты і грошовыя пераводы палітвязням.
У жанчыны тады канфіскавалі тэхніку і грошы, а пад варту яе змясцілі толькі 20 красавіка і інкрымінавалі 5 артыкулаў КК: арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»), арт. 367 («Паклёп на прэзідэнта»), арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). У Вікторыі трое няпоўнагадовых дзяцей. Працэс над Вікторыяй вядзе суддзя Юрый Казакевіч.
Фігуранта «справы Ціханоўскага», палітвязня Уладзіміра Кнігу змясцілі ў ПКТ. Больш за год з ім няма сувязі. Летась мужчыне дадалі яшчэ адзін год зняволення па новай крымінальнай справе і перавялі ў барысаўскую калонію № 14. Па інфармацыі праваабаронцаў, там на Уладзіміра працягваюць аказваць ціск.
Генеральная пракуратура накіравала ў суд справу супраць эканаміста Паўла Данэйкі. Яму прад'яўлена абвінавачванне паводле ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 233 КК («Арганізацыя прадпрымальніцкай дзейнасці, якая ажыццяўляецца без ліцэнзіі, спецыяльнага дазволу»), ч. 1 арт. 357 КК («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»).
Гаспадара кафэ-рэстарана з Мёраў Агіфа Байрамава 12 снежня ў судзе Верхнядзвінскага раёну будуць зноў судзіць за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ). Справу прызначаны разглядаць суддзя Віктар Баліка.

Па «народным» артыкуле (ч. 1 арт. 342 – «Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак») асудзілі найлепшага футбаліста Беларусі 2021 года Андрэя Салаўя і ягоную жонку Аксану.
Судовы працэс узначальвала суддзя Наталля Дзядкова. Яна прызначыла сужэнцам па два гады «хатняй хімі». У 2021 годзе Андрэй Салавей быў прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі.
Уладальнік гродзенскага блога «S13» Сяргей Чабоцька не выйшаў на волю пасля 45 содняў адміністратыўнага арышту. Тэрмін зняволення ў мужчыны скончыўся 7 снежня, аднак яго не вызвалілі. Пра чарговы адміністратыўны суд невядома. Верагодна, Чабоцьку ўзялі пад варту.
Рэдактара блога «S13» затрымалі 23 кастрычніка. Яго судзілі тройчы – за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «пікет» у інтэрнэце. Напрыканцы кастрычніка стала вядома, што кантэнт «S13» і яго сацсеткі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а 9 снежня стала вядома, што таксама «экстрэмісцкім фармаваннем».
Мабільны дадатак «Беларусь ID» прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 3 снежня. Паводле ведамства, дачыненне да «Беларусь ID» маюць Павел Лібер і Міхаіл Ананьін. З дапамогай гэтага дадатку праходзіла верыфікацыя людзей на выбарах у Каардынацыйную раду.
Таксама спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» папоўнілі тры праекты: «Городской огород Марис Мар», «s13ru», «письмо.бeл».
Марыя Міхалевіч belsat.eu