навіны

Праз што беларусы сварыліся ў 2024 годзе: «захоп» улады, журналісты-клоўны і вайна ў дзяржаўнай прапагандзе

Калаж: Аліса Ганчар / Белсат
Калаж: Аліса Ганчар / Белсат
podpis źródła zdjęcia

2024 год не прайшоў без сварак. Найчасцей яны датычылі палітыкі, але не заўсёды. Паспелі страшна паспрачацца дзяржаўныя прапагандысты, а славуты пісьменнік абазваў незалежных журналістаў. Расказваем падрабязней пра галоўныя сваркі года.

Полк Каліноўскага ледзь не стаўся ПВК?


У 2024 годзе ў палку Каліноўскага адбыўся раскол ці прынамсі адлучэнне ад улады старой верхавіны. Аб праблемах у палку чуткі хадзілі даўно. Былыя байцы неаднаразова паведамлялі пра дзедаўшчыну, дрэннае кіраўніцтва ў Кіеве і намякалі на грашовыя махінацыі з боку таго ж кіраўніцтва.


Часта скаргі былі звязаныя з Арцёмам Войнічам (пазыўны Ваніш) і Мікалаем Дземідзенкам (Мікола). Некаторыя байцы называлі экс-камандзіра палка Каліноўскага Дзяніса Прохарава (Кіт) марыянеткавым кіраўніком, а па-сапраўднаму ўсё вызначалі нібыта Ваніш і Мікола.


Так усё і цягнулася, пакуль у ліпені 2024 года журналісты не заўважылі, што цяперашні камандзір Павел Шурмей (Дзядзька) заняў месца выканальніка абавязкаў палка.

Кіраўнік прэс-цэнтру палка Каліноўскага Эрнэст і камандзір палка Павел Шурмей з пазыўным Дзядзька падчас сустрэчы ў Варшаве, Польшча. 1 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Кіраўнік прэс-цэнтру палка Каліноўскага Эрнэст і камандзір палка Павел Шурмей з пазыўным Дзядзька падчас сустрэчы ў Варшаве, Польшча. 1 снежня 2024 года. Фота: Белсат

Старая прэс-служба фармавання гэтага не афішавала, а на запыт «Белсату» адказала, што «гэта нязначная турбулентнасць, пакуль не вартая навіны», а «казаць можна што заўгодна». З «Дзянісам [Кітом] таксама ўсё складана», адзначылі там.

Некрамант

«Я не мог паверыць, што такое можа адбывацца», – Некрамант, медык палка Каліноўскага

навіны

Неўзабаве з'явіліся паведамленні і ад старой прэс-службы, маўляў, полк губляе элементы самакіравання. На што новы кіраўнік – Дзядзька – заявіў: «элементы кіравання палком імя Кастуся Каліноўскага страцілі дзве вядомыя асобы, Мікола і Ваніш, якія спрабавалі ператварыць полк імя Кастуся Каліноўскага ў сваю ПВК».


У канцы ліпеня Шурмей апавёў, што яшчэ ў красавіку ў палку пачаліся рэформы, якія даўно наспявалі і датычаць кіравання падраздзяленнем, празрыстасці ды справаздачнасці наконт фінансавай і валанцёрскай дапамогі і гэтак далей.


У хадзе рэформаў Дзяніс Кіт стаў адказваць за фінансы і кіруе фондам палка замест Ваніша. Кіт апавёў, што сам перадаў пасаду Шурмею. А вось Ваніш і Мікола, імаверна, не вельмі былі радыя зменам. Міколу з палка звольнілі, а Ваніш у канцы лістапада быў у працэсе пераводу ў іншае падраздзяленне. 


Відавочна, змены не прайшлі без канфліктаў, бо з’явіліся некалькі тэлеграм-каналаў ад імя палка Каліноўскага. Шурмей патлумачыў гэта тым, што доступ да старога тэлеграм-каналу і YouTube-каналу палка застаецца ў грамадзянкі Украіны, жонкі Ваніша. Пры гэтым кіраўнік падкрэсліў, што расколу няма – існуе адзін полк Каліноўскага.


Азаронак супраць Бондаравай

Прапагандыст Рыгор Азаронак. Менск, Беларусь. 3 снежня 2024 года. Фота: sb.by
Прапагандыст Рыгор Азаронак. Менск, Беларусь. 3 снежня 2024 года. Фота: sb.by

Улетку беларускія дзяржаўныя прапагандысты ўшчэнт пасварыліся. Атрымаліся два лагеры – прарасейскія прапагандысты і тыя, хто бліжэй да Аляксандра Лукашэнкі.


Усё пачалося з таго, што музыка Цімур Прахін у эфіры «Соловьёв Live» раскрытыкаваў гасцей «Славянскага базару». У прыватнасці яму не спадабаўся Дзім Дзімыч, які нібыта транслюе дзецям не тыя каштоўнасці. Дзім Дзімыч ужо судзіўся з прарасейскай інфаказачкай Вольгаю Бондараваю за тое, што яна вінаваціла яго ў ЛГБТ-прапагандзе і дрэнным стаўленні да сілавікоў. Азаронку ягоная творчасць таксама не падабалася, ён заяўляў, быццам датычны да таго, што Дзім Дзімыча ды іншых «нармавалі».

Дзмітрый Саксонаў на адной з прэзентацыяў «Blockchain Sports». Фота: Blockchain Sports / X

Швайгера ў Беларусь прывёз судзімы за махлярства, звязаны з Баскавым. Адкуль у яго грошы?

Гісторыі

Здавалася б, звычайны дзень з жыцця прапаганды, але Азаронак накінуўся на Прахіна: маўляў, той аблівае краіну брудам на «брацкім» тэлебачанні.


«Мяне так выхавалі, што такія паводзіны – напрасіцца ў эфір брацкай дзяржавы скардзіцца на сваё ўласнае – гэта... ну, зашквар, таварышы. Люты зашквар. Ганьба. Фу. Гадасць. Слізь. Бруд», – адрэагаваў Азаронак.


Прапагандыст заявіў, што «змагары» ў краіне пад лозунгамі, якія сам Азаронак падзяляе, распальваюць варожасць і працуюць на заходнія выведкі. Таксама згадаў групу, якая «носіцца са старымі відэа ўжо больш за год», імаверна, маючы на ўвазе Бондараву і ейную барацьбу з блогерамі.


Азаронка падтрымала працаўніца «СБ. Беларусь сегодня» Людміла Гладкая.


Бондарава ж, назваўшы Азаронка проста Грышам, у вельмі грубай форме параіла яму зрабіць дзіўныя рэчы, якіх мы не можам апісваць. Яна адзначыла, што «патрыётам на заробку» паступіла замова «ліць звыклыя вёдры памыяў у крыху іншым кірунку».

 

Дзіўныя працэсы ў дзяржаўнай прапагандзе адбыліся неўзабаве пасля вяртання ў палітыку Наталлі Пяткевіч у якасці намесніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. Калісьці Пяткевіч была ягоным прэс-сакратаром.


У Кабінеце не могуць дамовіцца

Лізавета Кохман, Павел Латушка, Святлана Ціханоўская, Аліна Коўшык і Вольга Гарбунова выступаюць перад журналістамі пасля паседжання АПК. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Лізавета Кохман, Павел Латушка, Святлана Ціханоўская, Аліна Коўшык і Вольга Гарбунова выступаюць перад журналістамі пасля паседжання АПК. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Драма адбылася і ў Аб'яднаным пераходным кабінеце – за год яго пакінулі адразу чатыры прадстаўнікі. Гэта былыя кіраўнік дэпартаменту нацыянальнай бяспекі АПК Валерый Сахашчык, прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова, прадстаўнік у міжнародных справах Валер Кавалеўскі і прадстаўніца ў нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык. Апошняя сышла без намёкаў на рознагалоссі – у звязку з пераходам на пасаду галоўнай рэдактаркі «Белсату». Іншыя гісторыі больш складаныя.


Гарбунова адзначыла, што хацела б працягнуць сваю дзейнасць не столькі ў палітыцы, колькі ў гуманітарным ключы. Бакі падзякавалі адно аднаму за супрацу, але гэтым усё не скончылася. 


Гарбунова прызнала, што адна з прычынаў ейнага сыходу – «ідэйная палітычная нязгода».

,,

«Ненармальна заставацца ў такой сітуацыі, калі твой голас у меншасці і ўсе рашэнні прымаюцца шляхам галасавання, а персанальную адказнасць за прынятае рашэнне нясеш ты», – сказала Гарбунова радыё «Свабода».


Вольга адзначыла, што не мае часу і сілаў угаворваць і пераконваць у каштоўнасці чалавечага жыцця, што памілаванне – гэта важны крок, на які пайшоў Менск, і што гэта важны сігнал. Пры гэтым адзначыла, што гаворыць не пра былых калегаў з Кабінету, а пра прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у цэлым.


Валер Кавалеўскі, які вельмі добра азываецца пра Гарбунову, таксама пакінуў Кабінет. У адпаведным допісе ён сказаў, што «з'явіліся разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмакратычнага руху». Гэта датычыла як унутранай, гэтак і вонкавай палітыкі.


Пазней ён апавёў «Белсату», што АПК ствараўся як месца, «дзе можна больш эфектыўна вызначаць праблемы, прымаць рашэнні і выконваць іх». Аднак замест «падтрымання і ўзаемаразумення» атрымалася «палітызаванасць працэсу, перакосы ў вызначэнні прыярытэтаў, у выпрацоўванні пазіцыяў, у прыняцці рашэнняў».

Сахашчык таксама пайшоў незадаволены. У відэазвароце ён апавёў, што Офіс Святланы Ціханоўскай не разумее спецыфікі ягонай працы і ўвогуле ягоная пасада, падобна, стваралася як «даніна нейкаму палітычнага моманту». Ён адзначыў, што ў АПК з'явіліся супярэчнасці, стаўся відавочны рух «кудысьці не туды», а ягоныя прапановы ў рэфармаванні Кабінету не былі прынятыя.


«Я быў вельмі моцна расчараваны, назіраючы, як людзі, з якімі яшчэ ўчора мы спакойна дамаўляліся, седзячы за адным сталом, раптам сталі канкурэнтамі і практычна ворагамі. Я не ведаю, у чым сапраўдная прычына. Можа быць, у абмежаванасці фінансавых рэсурсаў, якія цяжка падзяліць на ўсіх. Я ніякай дапамогі ад Кабінету не атрымліваў, за выключэннем інфармацыйнай падтрымкі», – сказаў Сахашчык.


Такія былі медыйныя водгукі канфлікту ў АПК. Цяпер актывістка Вольга Зазулінская прыйшла замест Вольгі Гарбуновай, дыпламат Уладзімір Астапенка – замест Валера Кавалеўскага і экс-замкамандзір палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук – замест Валера Сахашчыка.


У КР усе паспрачаліся з усімі

Намеснік кіраўніцы АПК і лідар НАУ Павел Латушка на Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. Варшава, Польшча. 19 траўня 2024 года. Фота: Белсат
Намеснік кіраўніцы АПК і лідар НАУ Павел Латушка на Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. Варшава, Польшча. 19 траўня 2024 года. Фота: Белсат

Апошні год для Каардынацыйнай рады таксама не быў просты. Пачаўся ён з таго, што другі склад не мог вызначыцца з працэдураю выбараў у трэці склад КР. Вырашалі так доўга, што давялося падаўжаць паўнамоцтвы другога складу. Напярэдадні гэтага яго пакінула віцэ-спікерка Алена Жываглод. Дакладнай прычыны яна не назвала, але збольшага гэта было звязана з падаўжэннем паўнамоцтваў, апавядала яна «Белсату».


Выбары нарэшце адбыліся, і 12 чэрвеня прайшло першае пасяджэнне. Тады пачаліся спрэчкі, як зарганізаваць працу КР ды ці могуць і дэпутаты і міністры, то бок чальцы АПК займаць адразу дзве пасады – у КР і АПК. Праз гэта Павел Латушка, чыя фракцыя ў выніку выбараў у трэці склад апынулася найбольш шырока рэпрэзентаваная, пакідаў папярэднюю Каардынацыйную раду. Былы спікер КР і чалец новага складу Андрэй Ягораў ледзь не абвінавачваў Латушку ў тым, што той хоча захапіць уладу. У спрэчках дасталася і Ягораву, які быццам бы ўладу не хацеў аддаваць. У выніку пастанавілі, што можна быць і дэпутатам, і міністрам.


Аднак сітуацыя ў КР, здаецца, напружаная. Раду пакінула Роза Турарбекава, сказаўшы, што на гэта быў шэраг прычынаў, а вызначальнымі сталіся «прычыны асабістага характару».


Сышлі таксама Аляксандр Дабравольскі і Мікалай Халезін. Дабравольскі патлумачыў гэта праблемамі са здароўем, а Халезін пастанавіў засяродзіцца на сваёй асноўнай працы.


Філіпенка і клоўны

Выступ пісьменніка Сашы Філіпенкі ў Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 15 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат
Выступ пісьменніка Сашы Філіпенкі ў Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 15 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат

Нечаканы канфлікт адбыўся ў пісьменніка Сашы Філіпенкі з журналістамі «Нашай Нівы» і «Еўрарадыё». Пасля адной з імпрэзаў журналіст «Нашай Нівы» працытаваў Сашу Філіпенку:


«Я не планую пісаць пакуль што кнігі на беларускай мове, таму што я не адчуваю гэтай моцы беларускай мовы, каб пісаць на беларускай мове».


Матэрыял перадрукавала «Еўрарадыё».

Belsat (Фота: Белсат)

«Наступная кніга будзе нечаканаю». Саша Філіпенка – пра беларускую мову, тур па Польшчы і трэцюю сусветную

навіны

Пасля гэтага Філіпенка ў сацыяльных сетках абазваў журналістаў «я****мі клоўнамі». Пазней ён выдаліў допіс.


«Нашай Ніве» дасталася за тое, што нібыта няправільна працытавала Філіпенку, а «Еўрарадыё» – што перадрукавалі не праверыўшы. Паводле Філіпенкі, правільна было б напісаць, што ён не адчувае ў сабе дастаткова моцы, каб пісаць на беларускай мове.


«Наша Ніва» паправіла цытату і перапрасіла, хоць на відэа з імпрэзы чуваць, што журналіст працытаваў пісьменніка даслоўна.


Да абмеркавання падключыўся праект «Медиажаба». На думку Аляксея Івашкевіча, журналісты маглі б і разабрацца, што да чаго – не першы ж дзень стасуюцца з Філіпенкам. Пры гэтым ён адзначае, што і пісьменнік мог быць мякчэйшы.


Аляксей Карпека думае, што ніякіх праблемаў не было б, калі б Філіпенка, які крыва выказаўся, спакойна папрасіў бы «Нашу Ніву» змяніць цытату. У канцы Карпека задаецца пытаннем: дык хто ж клоўн?


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10