навіны

Міхаіл Русы: Кіраўнікі ў вёсцы зарабляюць 7-8 тысяч

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія грошы. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

«Кіраўнік, калі ёсць вытворчасць, зарабляе сем-восем тысяч. Гэта ўжо і ёсць прывабнасць». Так былы віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання адказаў на пытанне аб прывабнасці працы ў вёсцы. Пры гэтым канкрэтных рэгіёнаў з такімі заробкамі ў кіраўнікоў чыноўнік не агучыў.

Лічба можа быць рэальнай, кажа Зміцер Лупач, былы аграном, што працаваў у вёсцы. Што праўда, знайсці кіраўніка гаспадаркі не так і проста: людзі не хочуць ісці на гэтую пасаду.

,,

«Вялікая адказнасць. Патрабуюць паказнікі выконваць. З аднаго боку, трэба, каб выглядаць добра ў вачах начальства, рабіць прыпіскі, без гэтага ніяк. А з іншага, калі чалавек трапляецца – вось нядаўна, здаецца, у Мёрскім раёне было – чалавека судзяць, хаця сама сістэма да гэтага і прымушае», - тлумачыць Зміцер Лупач.


Заробкі ж у працаўнікоў гаспадаркі зусім не такія прывабныя, як у кіраўніка. Доказы гэтага рэгулярна з'яўляюцца ў сацсетках.

Так жывёлагадовец з Кобрынскага раёну паказаў разліковы аркуш за кастрычнік, дзе пазначана што ён зарабіў 1103,5 рублі. Амаль удвая менш атрымала працаўніца з Брагіншчыны. З апублікаванага ёю разліковага аркуша за кастрычнік вынікае, што за 27 працоўных дзён яна зарабіла 570 рублёў. Паводле разліку, штодня без выходных яна працавала 7 гадзінаў. Да таго ж жанцына заяўляе, што за частку гадзінаў ёй не заплацілі ўвогуле:

«Два з паловай дні я не была на працы, але тут стаіць чатыры дні, астатнія гадзіны некуды зрэзалі, невядома куды яны пайшлі, некаму ў кішэню».

Сярод вакансіяў на сайце rabota.by жывёлагадоўцам прапаноўваюць заробак ад адной да дзвюх з паловай тысячаў рублёў. Пры гэтым улады няспынна кажуць пра адмысловыя праграмы, каб зацікавіць людзей, у першую чаргу моладзь, заставацца ў вёсцы.

«У прыватнасці, у Віцебскай вобласці ў рамках 70-га ўказу выплата маладым спецыялістам па тысячы рублёў, то бок ветэрынарным лекарам і тэхнікам апроч заробку. То бок гэта таксама адзін са стымулаў, які кліча моладзь на працу ў вёску», – так, да прыкладу, казаў міністр сельскай гаспадаркі Анатоль Ліневіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчыны сталага веку сядзяць каля хаты ў вёсцы Покаць пад Чачэрскам, Беларусь. 4 красавіка 2016 года. Фота: Sean Gallup / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчыны сталага веку сядзяць каля хаты ў вёсцы Покаць пад Чачэрскам, Беларусь. 4 красавіка 2016 года. Фота: Sean Gallup / Getty Images

У праграмы адраджэння і развіцця вёскі ўлады цягам дзесяцігоддзяў уклалі мільярды долараў, у тым ліку, на будаўніцтва аграгарадкоў і вёсак будучыні. Аднак шмат дзе пабудаваныя дамы стаяць пустыя і занепадаюць – гэтак сама, як і вясковыя хаты.

«Можна чалавека завабіць жыллём і тымі ж пад'ёмнымі, але потым, калі не будзе заробку, калі няма інфрастурктуры... Тое ж дзіця ў школу завесці – цяпер засталося некалькі школаў на раён, а то і ў сам раён трэба вазіць. Людзі не хочуць», - кажа Зміцер Лупач.

Галоўная ж прычына заняпаду вёскі – неэфектыўная эканоміка, перакананы былы чыноўнік, намеснік прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады Арцём Брухан. Ён прыводзіць прыклад свайго рэгіёну, Берасцейшчыны. Там моцна развітыя прыватныя гаспадаркі, дзе людзі вырошчваюць гародніну на продаж:

,,

«Прыватны бізнес звязаны з сельскай гаспадаркай і заробкі там нашмат вышэйшыя, заробкі больш прывабныя і людзі едуць працаваць. Вось і ўвесь адказ. Калі не дзяржава вырашае, колькі плаціць за тую ці іншую справу, а рынак».


Змяніць сітуацыю ў краіне можна толькі сістэмнымі рэформамі, падкрэслівае былы чыноўнік.

Таксама глядзіце ў сюжэце:


Ірына Дарафейчук, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10