Федэральнае ўпраўленне па міграцыі і ўцекачах Нямеччыны абвесціла аб прыпыненні прыняцця заяваў ад прадстаўленні прытулку ад грамадзянаў Сірыі да далейшых паведамленняў, піша SPIEGEL са спасылкай на Федэральнае агенцтва па міграцыі і ўцекачах (BAMF).
Такое рашэнне агенцтва па міграцыі і ўцекачах прыняло ў сувязі з сітуацыяй у Сірыі.
,,«Сітуацыя ў Сірыі непрадказальная, і цяжа зразумець, як будуць развівацца палітычныя падзеі. Таму ў дадзены момант немагчыма рабіць сур’ёзныя ацэнкі. Кожнае рашэнне ў такіх умовах будзе хісткім», – перадае словы прадстаўніка агенцтва SPIEGEL.
Рашэнне датычыць таксама 47 270 заяваў аб прадстаўленні прытулку, рашэнне па якіх яшчэ не прынятае. Адначасова на ўжо прынятыя рашэнні бягучыя падзеі не паўплываюць.
Паводле выдання, у Нямеччыне ўжо абмяркоўваюць далейшы лёс сірыйцаў у краіне, а некаторыя палітыкі выказаліся за вяртанне ўцекачоў з Сірыі на радзіму.
Па стане на канец 2023 года ў Нямеччыне знаходзіліся 972 460 грамадзянаў Сірыі з розным прававым статусам.
У Сірыі наступ апазіцыйных да афіцыйных уладаў сілаў нечакана пачаўся 27 лістапада. За некалькі дзён былі захопленыя найбуйнейшыя гарады краіны, у тым ліку Алепа, Хама, Дэйр-эз-Зор.
7 снежня войскі сірыйскай апазіцыі абвясцілі, што пачалі атачаць Дамаск пасля захопу найбліжэйшых гарадоў. На наступную раніцу паўстанцы захапілі тэлебачанне Сірыі і заявілі пра кантроль над Дамаскам і ўцёкі прэзідэнта Башара аль-Асада. Яны назвалі гэта «канцом эры несправядлівасці». Прэм’ер-міністр краіны заявіў, што гатовы рабіць любыя захады для перадачы ўлады.
Ад моманту перавароту 1970 года ўладу ў Сірыі ўтрымлівала дынастыя аль-Асадаў. На выбарах 2021 года Башара аль-Асада, паводле афіцыйных звестак, падтрымалі 95 % удзельнікаў галасавання.
Марыя Міхалевіч belsat.eu