навіны

У Маскве ўжо змянілі сцяг на амбасадзе Сірыі, у Беларусі яшчэ ў роздумах

Сцяг сірыйскай апазіцыі над амбасадай Сірыі ў Маскве. Крыніца: mkam.business-gazeta.ru
Сцяг сірыйскай апазіцыі над амбасадай Сірыі ў Маскве. Крыніца: mkam.business-gazeta.ru
podpis źródła zdjęcia

Пасля краху рэжыму Башара аль-Асада ў Сірыі паўстанцы, якія зрынулі яго, разам з разбурэннем помнікаў Хафэзу аль-Асаду змянілі сірыйскі сцяг. У Маскве хутка прыкмецілі змены, і новы сцяг ужо красуецца над амбасадай Сірыі ў цэнтры расейскай сталіцы. У Беларусі пакуль яшчэ не прынялі рашэння пра замену сцяга. 

Сцяг сірыйскай апазіцыі ўзнялі над будынкам амбасады Сірыі ў цэнтры Масквы, паведамляе ТАСС. 

У той жа час з флагштока на будынку амбасады Сірыі ў Менску проста знялі дзяржаўны сірыйскі сцяг. На гэты момант на замену не вывесілі ніякага іншага.

Нагадаем, што сцяг Сірыі за часоў кіравання бацькі і сына Асадаў быў чырвона-бела-чорным з дзвюма зялёнымі зоркамі на цэнтральным полі. Яго ўвялі пасля прыходу да ўлады ў выніку ваеннага перавароту ў 1963 годзе партыі «Баас» (Партыя арабскага сацыялістычнага адраджэння).

Цяпер паўстанцы, якія зрынулі рэжым Башара аль-Асада, пастанавілі вярнуць зялёна-бела-чорны сцяг з трыма чырвонымі зоркамі, які выкарыстоўваўся Сірыйскай Рэспублікай у 1932–1958 гадах, а таксама як сімвал апазіцыі з 2011 года. 

,,

«І хаця палотнішча "Баасу" больш за 60 гадоў выкарыстоўвалася ў якасці дзяржаўнага сцяга Сірыі, але піетэту да яго зусім не назіраецца: ад зненавідных сцягоў пазбаўляюцца, як, зрэшты, і ад партрэтаў былых прэзідэнтаў і помнікаў бацьку і сыну Асадам. І гэта павучальны прыклад: Башар Асад у адзін момант апынуўся ў Расеі і на сметнішчы гісторыі», – напісаў у сябе ў сацсетках гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. 


Нагадаем, што 8 снежня войскі сірыйскай апазіцыі захапілі тэлебачанне Сірыі і заявілі пра кантроль над Дамаскам і ўцёкі прэзідэнта Башара аль-Асада. Яны назвалі гэта «канцом эры несправядлівасці». Прэм’ер-міністр краіны заявіў, што гатовы рабіць любыя захады для перадачы ўлады.

Увечары таго ж дня сталася вядома, што Башар аль-Асад прыбыў у Маскву, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Уладзімір Пуцін асабіста распарадзіўся вынесці станоўчае рашэнне ў гэтым пытанні. У амбасадзе Сірыі ў РФ пацвердзілі інфармацыю пра тое, што Асад цяпер у Маскве. 

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10