З 9 да 13 снежня ў Бруселі пройдуць «Дні Беларусі» – серыя падзеяў, прысвечаных дэмакратычнай Беларусі і беларускаму народу. У іх возьмуць удзел больш за сто прадстаўнікоў дэмсілаў і грамадзянскай супольнасці, а таксама беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.
«Дні Беларусі» ладзіць Еўрапейская служба вонкавых дзеянняў і Еўракамісія ў супрацы з Еўрапарламентам, каб «прадэманстраваць салідарнасць Еўразвязу і нязменную прыхільнасць беларускаму народу ў пачатку працы новага еўрапейскага заканадаўчага органу і напярэдадні так званых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 26 студзеня 2025 года».
Для ўдзелу ў падзеях арганізатары запрасілі больш за сотню прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасці, незалежных медыяў, праваабарончых арганізацыяў, установаў культуры, беларускай дыяспары, а таксама міжнародных арганізацыяў.
Цягам пяці дзён плануецца правядзенне розных імпрэзаў, прысвечаных Беларусі. Сярод іх – паказ фільму «Радзіма», створанага незалежнымі беларускімі рэжысёрамі Аляксандрам Міхалковічам і Ганнай Бадзякай, правядзенне інтэрактыўнай выставы #FramedinBelarus, выставы твораў і лістоў палітвязняў Беларусі «Галасы з турмы» і інш.
Таксама падчас «Дзён Беларусі» адбудуцца 4-я сустрэча Кансультатыўнай групы, прысвечаная абмену інфармацыяй пра сітуацыю ў краіне (фармат кансультацыяў быў запушчаны вярхоўным прадстаўніком – віцэ-прэзідэнтам ЕЗ Жузэпам Бурэлем у чэрвені 2023 года), а таксама некалькі канферэнцыяў і дыскусіяў, прысвечаных пытанням пабудовы дэмакратычнага грамадства ў Беларусі, супрацьдзеяння прапагандзе і інш.
Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская таксама возьме ўдзел у «Днях Беларусі» ў Бруселі і сустрэнецца з кіраўніцтвам Еўрапарламенту і Еўракамісіі.
«Падчас майго візіту ў Брусель мы правядзём чацвёртае пасяджэнне Кансультатыўнай групы ″Беларусь – ЕЗ″, канферэнцыю высокага ўзроўню, а таксама я сустрэнуся з кіраўніцтвам Еўрапарламенту і Еўракамісіі», – адзначыла Ціханоўская.
Раман Шавель belsat.eu