Польская паліцыя арыштавала двух заўзятараў на футбольным матчы паміж менскім «Дынама» і варшаўскай «Легіяй», якія здымалі іншых наваднікаў матчу.
На матчы 7 лістапада ў Варшаве два мужчыны з беларускага сектару пачалі запісваць і фатаграфаваць на тэлефоны іншых заўзятараў. Яны не адрэагавалі на заўвагі іншых наведнікаў матчу з патрабаваннямі спыніць запіс. У выніку абураныя беларусы выклікалі на іх ахову, а пазней і прадстаўнікоў паліцыі, якая выдаліла мужчынаў з матчу, піша «Reczpospolita».
Інцыдэнт таксама пацвердзіў прэс-сакратар «Легіі» Барташ Заслаўскі.
Паводле паліцыі, мужчыны парушылі палажэнні Закону аб бяспецы масавых захадаў, гэтае парушэнне караецца абмежаваннем волі або штрафам ад 2000 злотых.
Паведамляецца, што ў аднаго з затрыманых знайшлі невяліую колькасць наркотыкаў (мефедрон), за што яго вінавацяць у крымінальных злачынствах.
Таксама стала вядома, што адзін з мужчынаў падаўся на міжнародную абарону, і ягоная справа цяпер у працэсе разгляду.
Як паведамілі выданню ў судзе, які разглядаў справу мужчынаў, у адным выпадку была вынесеная пастанова распачаць справу аб дробным правапарушэнні ў звычайным парадку. У другім – вынеслі пастанову аб распачынанні паскоранай вытворчасці, праведзены разгляд, і суд вынес рашэнне аб адмене спагнання, забароне доступу на масавыя захады тэрмінам на 2 гады і вызваленні абвінавачанага ад аплаты судовых выдаткаў, прыводзіць словы працаўніка польскага суда Александра Смыка «Reczpospolita».
У той жа час выданне ўпэўненае, што справу двух мужчынаў павінна разглядаць польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі, спасылаючыся на словы прадстаўніка Беларускага дому ў Варшаве Алеся Зарэмбюка, які патлумачыў, што «нельга прымяншаць значэнне інцыдэнту, які здарыўся на стадыёне», бо за беларускаю супольнасцю сочаць беларускія лукашэнкаўскія спецслужбы, збіраючы супраць іх матэрыял з мэтаю рэпрэсіяў.
Нагадаем: на канец 2023 года паведамлялася, што за сем гадоў польская контрвыведка затрымала 46 шпіёнаў з Беларусі і Расеі, з іх не менш за 22 – з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. За першую палову 2024 года затрымалі яшчэ 18 чалавек, якіх западозрылі ў шпіянажы на карысць Беларусі і Расеі.
Раман Шавель belsat.eu