навіны

Беларускі ПЭН: У зняволенні 176 дзеячаў культуры

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Jimmy Chan/ pexels.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Jimmy Chan/ pexels.com
podpis źródła zdjęcia

Беларускі ПЭН выпусціў справаздачу, у якой гаворыцца пра пераслед дзеячаў культуры з боку рэжыму Лукашэнкі. 

Так, са справаздачы вынікае, што станам на 30 лістапада 2024 года ў няволі або на «хатняй хіміі» застаюцца не меней за 176 дзеячаў культуры, а людзей слова – не меней за 39. 

Такую статыстыку прывялі ў Беларускім ПЭНе, прааналізаваўшы інфармацыю, што паступала цягам лістапада. 

У справаздачы пералічваюцца новыя звесткі пра рэпрэсіі супраць дзеячаў культуры. 

Так, піша Беларускі ПЭН, пацвердзілася інфармацыя, што арыштаваныя паводле палітычна матываванай справы мастакі Людміла Шчамялёва і Ігар Рымашэўскі (муж і жонка) утрымліваюцца ў СІЗА.

З’явіліся звесткі пра пачатак суда паводле крымінальнай справы над музыкам і архітэктарам Аляксеем Сіленкам, а таксама пра разгляд крымінальнай справы палітзняволенага журналіста, блогера і эсэіста Ігара Карнея паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»), што пачнецца 11 снежня ў судзе Шклоўскага раёну. 

Сярод рэпрэсіяў, што ўлады чыняць супраць прадстаўнікоў культуры, Беларускі ПЭН называе пазбаўленне месца для рэпетыцыяў пластычнага тэатру «ІнЖэст», які не меў магчымасці выступаць у Беларусі з восені 2021 года.

Не абышлі рэпрэсіі і сферу кнігавыдавецтва і кнігагандлю. Так, з інтэрнэт-кнігарняў пачалі знікаць кнігі з ЛГБТК+ персанажамі. Напрыклад, зрабіліся недаступнымі кнігі «Маленькае жыццё» і «Людзі сярод дрэў» Хані Янагіхары, «Песня Ахіла» Мэдэлін Мілер і «Пакой Джаванні» Джэймза Болдўіна. І гэта пры тым, што заканадаўчай забароны на такія кнігі ў Беларусі няма.

Згадвае Беларускі ПЭН і «спіс друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюджанне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», які Міністэрства інфармацыі размясціла на сваім сайце. У ім пералічваюцца 35 друкаваных выданняў, сярод якіх, напрыклад, «Нарысы гісторыі Беларусі (1795–2002)», «На скрыжалях вякоў: гістарычныя творы» Кастуся Цвіркі ды іншыя. 

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10