8 снежня прэм’ер-міністр Грузіі Іраклі Кабахідзэ заявіў, што ўлады збіраюцца забараніць закрываць твар маскамі падчас масавых мерапрыемстваў.
Са словаў Кабахідзэ, закон мае набыць моц ужо да канца месяца і будзе тычыцца менавіта цывільных асобаў, а не супрацоўнікаў сілавых структураў.
,,«Мы прымем закон, які забароніць рознымі сродкамі хаваць твар на сходах. У тым ліку для ўдзельнікаў контрсходаў. Такія законы дзеюць у шмат якіх краінах ЕЗ, важна прыняць яго і ў нас, для перадухілення гвалту. Мы тэхнічна арганізуем усё так, што гэты закон да канца месяца цалкам набудзе моц», – адзначыў Кабахідзэ.
Грузінскія ўлады задумаліся пра ўвядзенне такога закону на фоне масавых мітынгаў, якія трываюць у Грузіі ўжо дзесяць дзён. Удзельнікі гэтых мітынгаў закрываюць твары маскамі і балаклавамі, каб не быць ідэнтыфікаванымі праз камеры відэаназірання.
Прапанова прыняць закон аб забароне закрываць твар маскамі зыходзіла ад лідара парламенцкай фракцыі «Грузінскай мары» Мамукі Мдынарадзэ пасля серыі нападаў падчас мітынгаў на журналістаў і ўдзельнікаў акцыяў пратэсту.
Пры гэтым ёсць сведчанні, што прадстаўнікоў медыяў збівалі менавіта сілавікі. Усяго за дзесяць дзён пратэсту пры выкананні службовых абавязкаў пацярпелі больш за 50 журналістаў.
Раман Шавель belsat.eu