Захоп сірыйскімі паўстанцамі наступнага вялікага гораду ў Сірыі, працяг пратэстаў у Грузіі супраць прыпынення ўрадам перамоваў з ЕЗ, адкрыццё Сабору Нотр-Дам-дэ-Пары пасля пяцігадовай рэстаўрацыі – сабралі галоўныя фотаздымкі за тыдзень.
Паўднёвакарэйскія ветэраны марской пяхоты голяць галовы на знак пратэсту супраць прэзідэнта Юн Сок Ёля каля офісу прэзідэнта ў Сеуле. 3 снежня прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль звярнуўся да нацыі і абвясціў ваеннае становішча, тлумачачы гэта неабходнасцю знішчыць сілы, што падтрымліваюць Паўночную Карэю, і «абараніць канстытуцыйны лад краіны». Неўзабаве ваеннае становішча было адмененае галасаваннем парламенту. Сеул, Паўднёвая Карэя. 5 снежня 2024 года.

Дэманстрант трымае сцяг Еўразвязу побач з падпаленай барыкадай падчас мітынгу пратэсту супраць пастановы ўраду прыпыніць да 2028 года перамовы аб уступленні Грузіі ў ЕЗ. У краіне другі тыдзень працягваюцца пратэсты, якія жорстка падаўляюцца паліцыяй і сіламі спецназу. Тбілісі, Грузія. 3 снежня 2024 года.

Сірыйскі паўстанец моліцца перад уваходам у горад Хама ў Сірыі. Паўстанцы пад кіраўніцтвам ісламісцкай групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ) захапілі горад Хама ў Сірыі праз некалькі дзён пасля захопу Алепа, найбуйнейшага гораду краіны з насельніцтвам да 2 млн асобаў, у выніку маланкавага наступу супраць войскаў прэзідэнта Башара аль-Асада. Хама, Сірыя. 5 снежня 2024 года.

Журналісты стаяць каля сабору Нотр-Дам-дэ-Пары напярэдадні афіцыйнай цырымоніі яго адкрыцця праз больш чым пяць гадоў рэканструкцыі пасля пажару ў красавіку 2019 года. Парыж, Францыя. 7 снежня 2024 года.

Палестынка з катом у руках падчас эвакуацыі з Бэйт-Ляг’і (Beit Lahia) у Джабалію (Jabalia) на поўначы сектару Газа падчас вайны паміж Ізраілем і палестынскім рухам «Хамас». 4 снежня 2024 года.

Людзі трымаюць транспаранты і фатаграфіі на памяць пра загінулых украінскіх салдатаў у Дзень Збройных сілаў Украіны ў Харкаве, Украіна. 6 снежня 2024 года.

Партрэт байца, які загінуў падчас вайны паміж Ізраілем і «Хізбулою», бачны ў руінах будынку ў вёсцы Хэрбэт-Сэлем (Kherbet Selem) непадалёк мяжы з Ізраілем. Ізраіль, Ліван і некалькі краінаў-пасярэдніц, улучна з ЗША, падпісалі 27 лістапада пагадненне аб спыненні агню паміж Ізраілем і «Хізбулою». У выніку баёў на ліванска-ізраільскай мяжы загінулі больш за 3000 ліванцаў і 100 ізраільцянаў, больш за мільён ліванцаў і дзясяткі тысяч ізраільцянаў з прымежных тэрыторыяў былі вымушаныя пакінуць свае дамы. 3 снежня 2024 года.

Аргентынскія пенсіянеры правялі акцыю пратэсту супраць пастановы ўраду абмежаваць доступ да бясплатных лекаў, якія раней выдавала дзяржаўнае агенцтва грамадскага медычнага страхавання пенсіянераў PAMI. Адміністрацыя прэзідэнта Аргентыны Хавіера Мілея адмяніла бясплатныя лекі для пенсіянераў, за выключэннем тых, хто атрымлівае мінімальны заробак (каля 385 долараў ЗША). Буэнас-Айрэс, Аргентына. 4 снежня 2024 года.
