Міністэрства замежных справаў Расеі 8 снежня пацвердзіла падзенне рэжыму Башара аль-Асада ў Сірыі, а таксама расказала пра лёс цяпер ужо былога кіраўніка краіны.
У МЗС РФ заявілі, што Башар аль-Асад у выніку перамоваў «з шэрагам удзельнікаў збройнага канфлікту» «прыняў рашэнне сысці з прэзідэнцкай пасады і пакінуў краіну, даўшы ўказанне ажыццявіць перадачу ўлады мірным шляхам». Як адзначаецца, Расея ў гэтых перамовах не ўдзельнічала.
Дзе цяпер аль-Асад, не ўдакладняецца. Раней выказваліся меркаванні, што ён мог загінуць.
Расейскае замежнапалітычнае ведамства заклікала ўсе бакі канфлікту адмовіцца ад ужывання гвалту і развязваць усе пытанні кіравання палітычным шляхам. Як паведамляецца, Масква «цяпер у кантакце з усімі групоўкамі сірыйскай апазіцыі».
,,«Адначасова робяцца ўсе неабходныя захады для гарантавання бяспекі нашых грамадзянаў, якія цяпер у Сірыі. Расейскія вайсковыя базы на тэрыторыі Сірыі прыведзеныя ў рэжым павышанай баявой гатовасці. На гэты момант сур’ёзнай пагрозы іх бяспецы няма», – сказалі ў МЗС РФ.
Разам з тым, раніцаю 8 снежня медыі паведамлялі, што ў Тартусе, дзе ў Расеі ёсць вайсковая база, таксама праходзяць мітынгі з апазіцыйнымі сцягамі і зносяць бюсты аль-Асада.
54 гады рэжыму супраць 12 дзён наступу
Ад моманту перавароту 1970 года ўладу ў Сірыі ўтрымлівала дынастыя аль-Асадаў. На выбарах 2021 года Башара аль-Асада, паводле афіцыйных звестак, падтрымалі 95 % удзельнікаў галасавання. Але ў выніку пачатага 27 лістапада 2024 года наступу сірыйскай апазіцыі рэжым Асада 8 снежня паў.
Пры гэтым невядома, ці застануцца ў Сірыі саюзныя аль-Асаду расейскія войскі. У расейскіх праваенных каналах заяўлялі, што наступ апазіцыі стварае пагрозу базам РФ у Тартусе і Хмэйміме. Адзначалася, што можа спатрэбіцца іх эвакуацыя, якую цалкам ажыццявіць немагчыма.
Базы РФ у Сірыі – гэта не толькі падтрыманне аль-Асада, але і адзіная стаянка расейскага флоту ў Міжземным моры, а таксама магчымасць транзіту расейскіх наймітаў у Афрыку.
Якуб Хруст belsat.eu