навіны

Разбіўся на самалёце або ўцёк з Сірыі? Дзе цяпер Башар аль-Асад

Аляксандр Лукашэнка і Башар аль-Асад у 2003 годзе. Фота: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка і Башар аль-Асад у 2003 годзе. Фота: president.gov.by
podpis źródła zdjęcia

У той час як паўстанцы ўзялі кантроль над сталіцай Сірыі, дагэтуль застаецца невядомым месцазнаходжанне прэзідэнта краіны Башара аль-Асада, які кіраваў Сірыяй з 2000 года і атрымаў уладу ў спадчыну ад свайго бацькі Хафэза аль-Асада. Версіі адносна лёсу Башара супярэчлівыя.

«Reuters» піша са спасылкай на двух высокапастаўленых сірыйскіх афіцэраў, што Башар аль-Асад вылецеў з Дамаску ў невядомым кірунку 8 снежня. У гэты ж час, паводле звестак сайту «Flightradar», з аэрапорту сталіцы Сірыі вылецеў самалёт «Syrian Air».

Самалёт спачатку ляцеў у бок прыбярэжнага рэгіёну Сірыі, апоры канфесіі аляўітаў, да якой належыць сам аль-Асад, але затым рэзка развярнуўся і некалькі хвілінаў ляцеў у процілеглым кірунку, перш чым знікнуць з мапы.

Хто быў на борце, невядома. Дзве сірыйскія крыніцы паведамілі «Reuters», што існуе вельмі высокая імавернасць таго, што аль-Асад мог загінуць у авіякатастрофе, бо застаецца загадкай, чаму самалёт нечакана развярнуўся і знік з мапы.

Некаторыя крыніцы кажуць, што гаворка ідзе пра самалёт Іл-76, які, магчыма, спрабаваў ляцець у бок расейскай авіябазы ў Лятакіі, піша Бі-Бі-Сі.

Раней «The Telegraph» паведамляў, што жонка Асада Асма разам з трыма дзецьмі ўцякла ў Расею праз некалькі дзён пасля таго, як сілы паўстанцаў пачалі наступ, захапіўшы тэрыторыю на поўначы Сірыі. Два зяці палітыка таксама пакінулі краіну і адправіліся ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Напярэдадні з’яўлялася інфармацыя, што ў ААЭ, у Абу-Дабі, мог вылецець і сам прэзідэнт.

Тым часам дыпламатычны дарадца кіраўніка Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў Анўар Каркаш паведаміў, што не ведае, ці знаходзіцца Башар аль-Асад у гэтай краіне. Паводле Гаргаша, «гэта, урэшце, не так ужо прынцыпова для гісторыі».

Прэм’ер-міністр Сірыі Газі аль-Джалялі раніцай 8 снежня заявіў, што апошні раз кантактаваў з аль-Асадам увечары 7 снежня і не ведае, дзе той цяпер.

Тым часам з’явіліся здымкі паўстанцаў у прэзідэнцкім палацы ў Дамаску.

Наступ апазіцыйных да афіцыйных уладаў сілаў нечакана пачаўся 27 лістапада. Яны аргументавалі гэта адказам на расейска-сірыйскія авіяўдары, артабстрэлы і атакі дронаў-камікадзэ, якія адбываліся з сярэдзіны кастрычніка. Наступ развіваўся вельмі імкліва, у пастку да паўстанцаў траплялі ў тым ліку і саюзныя аль-Асаду расейскія войскі. На дадатак, актывізаваліся паўстанцы на поўдні краіны і пераважна курдскія Сірыйскія дэмакратычныя сілы на ўсходзе. За некалькі дзён былі захопленыя найбуйнейшыя гарады краіны, у тым ліку Алепа, Хама, Дэйр-эз-Зор.

7 снежня войскі сірыйскай апазіцыі абвясцілі, што пачалі атачаць Дамаск пасля захопу найбліжэйшых гарадоў. На наступную раніцу паўстанцы захапілі тэлебачанне Сірыі і заявілі пра кантроль над Дамаскам і ўцёкі прэзідэнта Башара аль-Асада. Яны назвалі гэта «канцом эры несправядлівасці». Прэм’ер-міністр краіны заявіў, што гатовы рабіць любыя захады для перадачы ўлады.

Ад моманту перавароту 1970 года ўладу ў Сірыі ўтрымлівала дынастыя аль-Асадаў. На выбарах 2021 года Башара аль-Асада, паводле афіцыйных звестак, падтрымалі 95 % удзельнікаў галасавання.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10