Сталіца Сірыі Дамаск апынуўся ў руках паўстанцаў праз менш як два тыдні пасля пачатку іхнага наступу. Прэм’ер-міністр краіны заявіў, што гатовы рабіць любыя захады для перадачы ўлады.
Каля 06:00 паводле мясцовага часу паўстанцы паведамілі, што ўвайшлі ў Дамаск. Яны назвалі гэта «канцом эры несправядлівасці», піша Бі-Бі-Сі. Паўстанцы таксама захапілі тэлебачанне Сірыі і заявілі пра кантроль над Дамаскам і ўцёкі прэзідэнта Башара аль-Асада.
У сваю чаргу прэм’ер-міністр краіны Мухамэд Газі аль-Джалялі заявіў, што застаецца ў сябе ўдома і гатовы падтрымаць пераемнасць кіравання пасля таго, як аль-Асад уцёк з Дамаску пасля ўваходу ў сталіцу паўстанцаў. Прэм'ер дадаў, што гатовы супрацоўнічаць з любым кіраўніцтвам, абраным сірыйскім народам, і рабіць любыя захады для «перадачы ўлады». У адказ лідар паўстанцаў заявіў AFP, што дзяржаўныя ўстановы ў Дамаску застануцца пад кантролем прэм’ер-міністра да афіцыйнай перадачы ўлады.
Месцазнаходжанне прэзідэнта Сірыі дагэтуль дакладна невядомае. Агенцтва «Reuters» са спасылкай на двух высокапастаўленых сірыйскіх афіцэраў паведаміла, што аль-Асад пакінуў Дамаск у невядомым кірунку. Сірыйскі цэнтр маніторынгу выканання правоў чалавека (SOHR) не выключыў, што прыватны самалёт, які вылецеў з аэрапорту Дамаску, перавозіў менавіта былога кіраўніка краіны. Выданне «New York Times» адзначае, што адзіны рэйс, які вылецеў, накіроўваўся ў Маскву.
Адразу пасля гэтага, паводле SOHR, афіцэры сірыйскай арміі былі дэмабілізаваныя. Было заўважана, што сотні вайскоўцаў сірыйскай арміі і сілаў бяспекі знялі вайсковую форму пасля таго, як ім паведамілі, што яны звольненыя пасля падзення рэжыму.
Пры гэтым жыхары Дамаску пачалі збірацца на плошчы Умэядаў, дзе размешчаныя важныя ўрадавыя ўстановы, каб адсвяткаваць звяржэнне рэжыму аль-Асада.
Наступ апазіцыйных уладаў сілаў нечакана пачаўся 27 лістапада. Яны аргументавалі гэта адказам на расейска-сірыйскія авіяўдары, артабстрэлы і атакі дронаў-камікадзэ, якія адбываліся з сярэдзіны кастрычніка. Наступ развіваўся імкліва, у пастку да паўстанцаў траплялі ў тым ліку і саюзныя аль-Асаду расейскія войскі. На дадатак актывізаваліся паўстанцы на поўдні краіны і пераважна курдскія Сірыйскія дэмакратычныя сілы на ўсходзе. За некалькі дзён былі захопленыя найбуйнейшыя гарады краіны, у тым ліку Алепа, Хама і Дэйр-эз-Зор.
7 снежня войскі сірыйскай апазіцыі абвясцілі, што пачалі атачаць Дамаск пасля захопу найбліжэйшых гарадоў.
Ад моманту перавароту 1970 года ўладу ў Сірыі ўтрымлівала дынастыя аль-Асадаў. На выбарах 2021 года Башара аль-Асада, паводле афіцыйных звестак, падтрымалі 95 % удзельнікаў галасавання.
Якуб Хруст belsat.eu