Напярэдадні дня нараджэння «Белсату», які адзначаецца 10 снежня, мы традыцыйна азіраемся назад, каб ацаніць, якім быў мінулы год. Падзеі апошнім часам віруюць з неймавернай хуткасцю, і тое, што спачатку здаецца вельмі значным, пасля сыходзіць у цень больш маштабных падзеяў. Тым не менш мы вылучылі некалькі тэмаў, якія прыцягвалі нашую ўвагу цягам гэтага года больш за ўсё і якія ўжо паўплывалі або яшчэ паўплываюць на развіццё падзеяў у нашай краіне і за яе межамі.
Памілаванне палітзняволеных
Пасля працяглага перыяду рэпрэсіяў, якія не спыняліся ні на хвіліну з 2020 года, адной з нешматлікіх радасных навінаў было вызваленне значнай колькасці зняволеных, асуджаных паводле палітычных абвінавачанняў.
Пачынаючы з ліпеня паводле загадаў аб памілаванні, падпісаных Аляксандрам Лукашэнкам, на волю пачалі выходзіць невялікія партыі палітвязняў. Сярод іх – старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, журналістка Ксенія Луцкіна, у якой знайшлі цяжкія хваробы, Святлана Лупач, Дар’я Лосік ды іншыя.
Праваабаронцы «Вясны» падлічылі, што ад 3 ліпеня ў Беларусі праз памілаванне вызвалілі 207 чалавек, некаторым з іх заставалася зусім няшмат да заканчэння тэрміну.
Пэўныя палітыкі і грамадскія дзеячы ўспрынялі такі крок уладаў Беларусі як своеасаблівае запрашэнне заходніх краінаў да дыялогу. Аднак побач з вызваленнем у краіне па-ранейшаму адбываюцца рэпрэсіі: за гэты час палітвязнямі былі прызнаныя 223 асобы. І гэта без уліку тых, каго не абвяшчаюць палітвязнямі праз нежаданне сваякоў ці праз тое, што пра затрыманне проста не ведаюць. Таму, як адзначаюць праваабаронцы і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, памілаванне не павінна ствараць ілюзію паляпшэння сітуацыі ў Беларусі.

Выбары ў Каардынацыйную раду ІІІ склікання
Нягледзячы на свой лакальны характар, гэтыя выбары ўсё ж займаюць сваё месца сярод прыкметных падзеяў года – як адна са спробаў беларусаў абраць сваіх прадстаўнікоў праз дэмакратычную працэдуру.
Усяго на выбары ў КР былі зарэгістраваныя 12 спісаў. Галасаванне праходзіла 25–27 траўня. У ім маглі ўдзельнічаць беларусы як унутры краіны, так і за яе межамі. Каб гарантаваць бяспеку ўдзельнікаў, для онлайн-галасавання выкарыстоўвалася платформа «Belarus ID».
Аднак у выніку ўдзел у галасаванні ўзялі ўсяго 6723 беларусы. У Выбарчай камісіі растлумачылі гэта страхам і недаверам людзей, а магчыма «стомленасцю і нежаданнем». Сапраўды, напярэдадні выбараў улады Беларусі правялі серыю ператрусаў у кватэрах кандыдатаў у КР, завёўшы справы супраць усіх 257 прэтэндэнтаў. Таксама сілавікі вялі маштабную кампанію для запужвання беларусаў, дамагаючыся, каб людзі баяліся браць удзел у выбарах у КР.

Гібель беларускі Лізы
Гібель 25-гадовай беларускай дзяўчыны літаральна агаломшыла не толькі беларускую, але і польскую грамадскасць.
У ноч на 25 лютага ў цэнтры Варшавы была згвалтаваная беларуска Ліза. Нападнік прыставіў нож да горла дзяўчыны, згвалтаваў яе і душыў, а потым кінуў без прытомнасці на зямлі. Толькі раніцай яе знайшлі людзі, аднак выратаваць Лізу не ўдалося. Некалькі дзён яна правяла ў рэанімацыі ў цяжкім стане, а 1 сакавіка памерла, не прыходзячы ў прытомнасць.
У забойстве Лізы абвінавачваюць 23-гадовага грамадзяніна Польшчы Дор'яна С. Лізу пахавалі на Паўночных могілках у Варшаве. Ейнае забойства справакавала ў Польшчы вулічныя акцыі і шырокія дыскусіі пра змены ў законах і бяспеку жанчын, узмацненне пакарання за згвалтаванне.
Падчас судовага працэсу, які цягнецца ў Польшчы, Дор'ян С. прызнаў віну ў згвалтаванні, але заявіў, што забіваць дзяўчыну не хацеў. Хлопцу пагражае ад 12 гадоў да пажыццёвага зняволення. Яго абвінавачваюць у згвалтаванні, забойстве і разбоі. Канчатковы вырак павінны агучыць 13 студзеня 2025 года.

Новая жалезная заслона
Пад гэтым загалоўкам справядліва будзе аб’яднаць не адну, а некалькі падзеяў, якія паставілі Беларусь перад фактам новай рэальнасці – паступовым апусканнем новай жалезнай заслоны на заходніх межах нашай краіны.
10 чэрвеня Рада міністраў Польшчы прыняла пастанову аб заснаванні Нацыянальнай праграмы стрымлівання і абароны «Усходні шчыт», згодна з якой плануецца стварэнне комплекснай абарончай інфраструктуры і буфернай зоны на ўсходнім флангу NATO. Гэта прадугледжвае пабудову ўмацаванняў, размяшчэнне мінных палёў, фізічных бар’ераў кшталту бетонных супрацьтанкавых рагачоў і лініяў абароны з бетоннымі блокамі на мяжы з Беларуссю.
29 чэрвеня Рада ЕЗ увяла санкцыі супраць Беларусі, падобныя да тых, што дзеюць супраць Расеі. Яны датычаць гандлю ды паслугаў і мусілі закрыць шчыліны, дзякуючы якім Беларусь дапамагае Расеі абыходзіць раней уведзеныя абмежаванні.
У санкцыях таксама былі прапісаныя абмежаванні на перавозку грузаў праз тэрыторыю ЕЗ на аўтатранспарце з беларускімі нумарамі. Гэта прывяло да таго, што Латвія, Літва і Эстонія забаранілі ўезд беларускіх аўтамабіляў на сваю тэрыторыю, а Польшча ўвяла пэўныя абмежаванні. Пазней Літва ўсё ж зрабіла некаторыя паслабленні, аднак пасля 18 студзеня 2025 года аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі, больш не змогуць заставацца на тэрыторыі Літвы.
Нагадаем, што на сённяшні дзень на мяжы ЕЗ і Беларусі адкрытыя толькі пяць памежных пунктаў з чатырнаццаці.

Абмен палітвязняў на шпіёнаў паміж РФ і ЗША
Гэтая гісторыя пачалася 21 чэрвеня з вынясення беларускім судом смяротнага выраку грамадзяніну Нямеччыны Рыка Крыгеру. Мужчыну асудзілі паводле шасці крымінальных артыкулаў, у тым ліку за «акт тэрарызму».
Вядома, што затрымалі Крыгера 5 кастрычніка 2023 года нібыта за выбух на чыгуначнай станцыі Азярышча, у выніку якога ніхто не пацярпеў. Арганізацыя «Belpol» прыйшла да высновы, што доказы ў справе Крыгера былі сфальсіфікаваныя, а ўся аперацыя была падобная на правакацыю сілавікоў, якія вымусілі немца прыехаць у Беларусь, выдаўшы сябе за прадстаўнікоў СБУ і палка Каліноўскага.
Аднак паралельна з гэтай справай у інфармацыйнай прасторы пачалі з’яўляцца звесткі, што смяротны прысуд Крыгеру вынеслі на заданне Крамля, каб абмяняць немца на афіцэра расейскіх спецслужбаў Вадзіма Красікава, які адбываў пажыццёвы тэрмін у Нямеччыне за заказное забойства.
Неўзабаве так і сталася: 30 ліпеня Аляксандр Лукашэнка пастанавіў памілаваць немца. А ўжо на наступны дзень Крыгера разам з шэрагам іншых іншаземцаў і расейскіх палітвязняў (Эван Гершкавіч, Уладзімір Кара-Мурза, Ілля Яшын ды іншыя), зняволеных у Расеі, абмянялі на расейскіх шпіёнаў (Вадзім Красікаў, Павел Рубцоў ды іншыя).
Абмен адбыўся паміж Расеяй і ЗША, аднак ён фактычна паставіў перад беларускай дэмакратычнай супольнасцю пытанне, чаму ў ім спісе прозвішчаў не было ніводнага беларускага палітвязня.

Летні ўраган
13–14 ліпеня на Беларусь абрынуўся ўраган неймавернай сілы. Найбольшыя разбурэнні зазнала Гомельская вобласць, аднак назіраўся разгул стыхіі і ў іншых рэгіёнах краіны.
Магутны вецер з парывамі да 29 м/с вырываў з коранем дрэвы, валячы іх на дахі дамоў і аўтамабілі, абрываючы правады лініяў электраперадачы, што прывяло да адключэння электраэнергіі і вады ў шматлікіх раёнах Беларусі.
Паводле нанесенай шкоды гэты ўраган быў наймагутнейшым з 1997 года. Не абышлося без ахвяраў і пацярпелых: агулам падчас непагадзі сем чалавек загінулі (сярод іх двое дзяцей) і 75 асобаў атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.
Па кампенсацыю стратаў у Белдзяржстрах звярнуліся больш за 15 тысячаў грамадзянаў. Пры гэтым Міністэрства працы паведаміла, што беларусы могуць звярнуцца па аднаразовую дапамогу ад дзяржавы, але толькі ў тым выпадку, калі месячны даход на аднаго чальца іхнай сям’і не перавышае 628,10 рубля, што, паводле старшыні Руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, можна лічыць сапраўдным здзекам.

«Шагэды» ў небе
Пачынаючы з лета неба над Беларуссю канчаткова перастала быць мірным, і ў паветраную прастору нашай краіны падчас расейскіх атак на Украіну пачалі залятаць дроны-камікадзэ тыпу «Shahed».
У ліпені гэтыя выпадкі былі адзінкавымі, але з канца жніўня гэтыя залёты зрабіліся рэгулярнаю з'яваю, прычым з выразнаю тэндэнцыяй да павелічэння. Перыядычна для збіцця беспілотнікаў у неба ўздымалася авіяцыя – напрыклад, 20 кастрычніка над Ельскім раёнам.
Пры гэтым новаю з’явай сталася затрыманне жыхароў, якія здымалі палёты дронаў на тэлефон, а пасля выкладвалі ў мясцовыя чаты. Гэтак, 4 кастрычніка жыхарку Калінкавічаў за такое «злачынства» затрымлівала цэлая каманда спецназаўцаў. Баючыся за сваё жыццё і бяспеку сваіх дзяцей, жыхары Хойнікаў стварылі адмысловую петыцыю да мясцовых уладаў з просьбай абараніць іх ад дронаў, але ў адказ атрымалі адпіску.
У лістападзе колькасць «Шагэдаў» у небе над Беларуссю рэзка вырасла і часам даходзіла да 40 за адну ноч. Толькі за гэты месяц найменей 151 расейскі беспілотнік залятаў у неба над Беларуссю, тры з іх прыйшлося збіць.

Сустрэча Марыі Калеснікавай з бацькам
12 лістапада ў тэлеграм-канале Рамана Пратасевіча з’явіліся здымкі спаткання палітзняволенай Марыі Калеснікавай з ейным бацькам.
Сустрэча сталася магчымай пасля звароту, які Аляксандр Калеснікаў напісаў на імя Лукашэнкі. Хоць насамрэч гэта незаконна: паводле закону, асуджаным мусяць даваць кароткатэрміновыя спатканні на чатыры гадзіны і доўгатэрміновыя спатканні да трох дзён. Бацька Марыі пасля сустрэчы адзначыў, што не хвалюецца за стан дачкі, бо яна «адчувала сябе бадзёрай, прыгожай».
Марыя Калеснікава была затрыманая 7 верасня 2020 года і засуджаная на 11 гадоў калоніі. Да моманту спаткання звестак пра Марыю не прыходзіла цягам 600 дзён. Яна ўтрымлівалася ў рэжыме інкамунікада, як і іншыя вядомыя палітзняволеныя ў беларускіх турмах. Паводле інтэрнэт-апытання сярод беларусаў, «інкамунікада», што азначае поўную ізаляцыю і пазбаўленне сувязі з вонкавым светам, зрабілася словам 2024 года.

Вызваленне Андрэя Гнёта
Рэжысёра і актывіста Андрэя Гнёта арыштавалі ў кастрычніку 2023 года ў аэрапорце сербскага Бялграду, куды ён прыляцеў з Тайланду на здымку. Арышт адбыўся на запыт Інтэрполу, бо ў Беларусі на Гнёта заведзеная справа за нібыта ўхіленне ад выплаты падаткаў на суму каля 300 тысячаў еўраў. Сам Андрэй Гнёт разам з адвакатамі даказваў, што крымінальны пераслед носіць палітычны характар, бо ў 2020 годзе актывіст меў наўпроставае дачыненне да заснавання аб’яднання спартоўцаў «SOS BY», прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім».
Найвышэйшы суд Бялграду двойчы прымаў пастанову пра тое, каб экстрадаваць Гнёта ў Беларусь, але абароне рэжысёра ўдавалася апратэставаць гэтыя пастановы ў Апеляцыйным судзе.
З кастрычніка 2023-га да 6 чэрвеня 2024 года Андрэй заставаўся ў сербскай турме, пасля чаго яго перавялі пад хатні арышт. У падтрыманне рэжысёра выступілі вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, польскі Сенат таксама патрабаваў свабоды для рэжысёра.
У выніку 31 кастрычніка, фактычна праз год пасля арышту, Андрэй апынуўся на волі. Сваё вызваленне ён назваў вынікам вялікай салідарнасці.

Экстрадыцыя Васіля Верамейчыка
20 лістапада ў эфіры ОНТ паказалі кадры экстрадыцыі з В’етнаму ў Беларусь былога ваяра палка Каліноўскага і чальца Каардынацыйнай рады Васіля Верамейчыка. Гэта было моцным шокам для ўсёй дэмакратычнай супольнасці і паставіла перад беларусамі, якія застаюцца ў выгнанні, мноства пытанняў, у першую чаргу пра бяспеку.
Як высветлілася, у В’етнаме 34-гадовы Васіль Верамейчык апынуўся пасля таго, як Літва адмовіла яму ў легалізацыі, прызнаўшы пагрозаю нацыянальнай бяспецы (імаверна, з той прычыны, што раней ён быў афіцэрам беларускай арміі). Вымушаны пакінуць тэрыторыю Еўразвязу, Верамейчык пераязджаў з адной краіны ў іншую, пакуль не апынуўся ў В’етнаме. Менавіта там яго затрымалі за ўдзел у бойцы.
Экстрадыцыя беларуса пасля затрымання адбылася настолькі хутка, што была падобная на спецаперацыю беларускіх сілавікоў. Ёсць падставы меркаваць, што і сама бойка была правакацыяй спецслужбаў.
У Беларусі былому каліноўцу можа пагражаць вялікі тэрмін, аднак суд у ягонай справе яшчэ не адбыўся. Праваабаронцы прызналі Верамейчыка палітзняволеным.
Раман Шавель belsat.eu