Існаванне ў Сірыі рэжыму Асадаў, які кіраваў краінай з 1970 года, падобна, падыходзіць да заканчэння. Пад кантроль паўстанцаў і розных апазіцыйных сілаў пераходзіць усё больш гарадоў, а месца знаходжанне афіцыйнага кіраўніка краіны невядома.
На 20:00 паводле менскага часу быў анансаваны зварот да нацыі прэзідэнта Сірыі Башара Асада, але ў апошні момант ягоная прэс-служба абвергла паведамленне, што такі зварот мае адбыцца.
Афіцыйныя асобы Егіпта і Ярданіі на тле поспехаў сірыйскай апазіцыі і магчымага падзення Дамаска, прапанавалі прэзідэнту Сірыі Башару Асаду пакінуць краіну і сфармаваць урад у выгнанні. Паводле паведамленняў канцылярыі прэзідэнта, той застаўся ў сталіцы краіны.
З’яўлялася інфармацыя, што з Дамаска ў Абу-Дабі (ААЭ) прыляцеў прыватны самалёт, але наяўнасць на яго борце Асада непацверджаная.

Пакуль сілы «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ) і Сірыйская народнай арміі (СНА), якія 6 снежня падышлі да Хомсу на шляху да Дамаску з поўначы, пра актыўнасць заявілі ў Сірыйскай свабоднай арміі, што дзейнічаюць на поўдні краіны.
7 снежня войскі сірыйскай апазіцыі абвясцілі, што пачалі атачаць Дамаск пасля захопу бліжэйшых гарадоў. Камандуючы паўстанцамі Хасан Абдэль Гані заявіў, што «нашы сілы пачалі заключны этап акружэння сталіцы Дамаска». Паўстанцы пачалі атачаць сталіцу пасля захопу Аль-Санамайна, горада за 20 кіламетрах ад паўднёвага ўезду ў Дамаск.
І хоць сірыйскі ўрад зняпраўджваў заявы, што яго армія пакінула пазіцыі паблізу Дамаску, да вечара ўрадавыя сілы пакінулі гарады на ўскраінах Дамаска.
Таксама сірыйскія паўстанцы ўзялі пад кантроль старажытны горад Пальміра, які раней бралі расейскія найміты з ПВК Вагнэра. Крыніцы Al Jazeera сцвярджаюць, што сірыйская армія пакінула і сваю найбуйнейшую авіябазу Т-4 побач з Пальмірай.
Паводле The New York Times, амбасада Ірану ў Дамаску і кіраўніцтва падраздзялення Корпуса вартавых іранскай рэвалюцыі «Аль-Кудс» пачалі эвакуацыю з Сірыі.
Наступ апазіцыйных да афіцыйных уладаў сілаў пачаўся нечакана 27 лістапада. Яна аргументавалі гэта адказам на расейска-сірыйскія авіяўдары, артабстрэлы і атакі дронаў-камікадзэ, якія адбываліся з сярэдзіны кастрычніка. Наступ развіваўся вельмі імкліва, у пастку да паўстанцаў траплялі ў тым ліку і саюзныя Асаду расейскія войскі. Таксама актывізаваліся паўстанцы на поўдні краіны і пераважна курдскія Сірыйскія дэмакратычныя сіл на ўсходзе. Цягам некалькіх дзён былі захопленыя найбуйнейшыя гарады краіны, у тым ліку Алепа, Хаму, Дэйр-эз-Зор.
Наступ апазіцыі стварае праблемы для расейскіх базаў у Сірыі, у Тартусе і Хмэйміме. Мэта апошніх не толькі падтрыманне Асада, але і адзіная стаянка расейскага флоту ў Міжземным моры, а таксама магчымасць транзіту расейскіх наймітаў у Афрыку.
Міністэрства замежных справаў Беларусі заявіла пра «падтрыманне прэзідэнту Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Башару Асаду».
Якуб Хруст belsat.eu