Відэа затрыманых паводле палітычных справаў беларусаў перасталі публікавацца ў тэлеграм-канале ГУБАЗіКу. Раней пра непажаданасць іх пісаў праўладны рэсурс, адзначыўшы магчымыя негатыўныя наступствы такіх відэа. Але сілавікі, падобна, знайшлі выйсце, хоць і незразумела, ці не супярэчаць яны ранейшым заўвагам.
Як піша «Наша Ніва», апошняе відэа з затрыманым, дзе быў бачны ягоны твар, выйшла на канале ГУБАЗіКу 30 кастрычніка. Менавіта ў той дзень у тэлеграм-канале «Графач», блізкім да міністра інфармацыі Марата Маркава, выйшаў заклік болей не публікаваць такія відэа:
,,«Ёсць меркаванне, што яны ўжо выканалі сваю ролю. ... Эфект ужо дасягнуты, і далейшы прыём нават самых карысных лекаў можа мець пабочкі».
Відэа сапраўды перасталі публікавацца, але сілавікі ўсё ж не здолелі абысціся без кантэнту з прыніжэннем затрыманых беларусаў. Апошнімі днямі яны не паказваюць твар чалавека, а ставяць відэашэраг пад запісанае аўдыё з голасам затрыманых.
Відэа як форма гвалту
Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначае, што практыка паказу відэа з затрыманымі пачала актыўна выкарыстоўвацца сілавікамі ў 2021 годзе. Запісваюць відэа як супрацоўнікі ГУБАЗіКу, так і звычайныя міліцыянты. На відэа затрыманых прымушаюць агаворваць сябе і прасіць прабачэнні. Нярэдка відаць, што людзі кажуць завучаны тэкст. Як сведчаць пацярпелыя, часта сілавікі запісваюць відэа з некалькіх дубляў, каб атрымалася патрэбная ім карцінка. На відэа некаторыя затрыманыя выглядаюць моцна збітымі.
На вочы ім могуць нацягваць атрыбуты з нацыянальнай сімволікаю або галаўныя ўборы, што знаходзяць у іх дома падчас затрымання. Усё гэта робіцца для дадатковага прыніжэння і знявагі. Праваабаронцы расцэньваюць такую практыку як дадатковую форму гвалту.
Разам з тым з лета 2024 года назіраюцца прыкметы падладжвання ўладаў Беларусі перад Захадам. Гэта выяўляецца ў тым ліку ў памілаванні шэрагу палітвязняў. Але ў той жа час у краіне працягваюцца рэпрэсіі, што псуе імідж паляпшэння ў Беларусі сітуацыі з правамі чалавека.
Якуб Хруст belsat.eu