навіны

Расследаванне «Reuters» наконт «OnlyFans»: на платформе выкладваюць згвалтаванні, а відэа выдаляюць год

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: charlesdeluvio / unsplash.com
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: charlesdeluvio / unsplash.com
podpis źródła zdjęcia

Нягледзячы на запэўніванні, што ўвесь кантэнт платформа правярае, расследаванне «Reuters» у пяці частках даказвае, што гэта не так. А некаторыя ахвяры, відэа з якімі выклалі ў «OnlyFans» без іхнае згоды, чакалі выдалення гэтага кантэнту год.

У 2023 годзе дырэктарка «OnlyFans» Кейлі Блэр сцвярджала, што ўвесь кантэнт мадэратары і штучны інтэлект правяраюць на адпаведнасць правілам. Каб выставіць матэрыял на продаж, неабходна пацвердзіць, што ўсе яго ўдзельнікі паўналетнія і далі сваю згоду на публікацыю. І засведчыць гэта адпаведнымі дакументамі.


«Мы адсочваем кожны пост, кожнае паведамленне, кожнае аўдыя, кожны стрым, – казала Блэр у 2023 годзе. – Мы робім абсалютна ўсё, каб супольнасць заставалася бяспечнай».


Аднак расследаванне «Reuters» выявіла, што платформа застаецца вельмі зручнай для злачынцаў. Са студзеня 2019-га да лістапада 2023 года як мінімум 128 асобаў звярнуліся ў праваахоўныя органы ЗША са скаргамі пасля таго, як выявілі кантэнт сексуалізаванага характару са сваім удзелам, размешчаны на платформе без іхнае згоды. Напрыклад, у адным з эпізодаў, пра які даведаліся журналісты выдання, дзяўчына год чакала выдалення відэа са сваім удзелам з платформы. У лютым 2020 года яна знайшла на «Pornhub» відэа, змешчанае туды ейным былым партнёрам, і звярнулася ў паліцыю. Відэа выдалілі, але неўзабаве той жа ролік знайшоўся на «OnlyFans». Дзяўчына сутыкнулася з пераследам і напісала ў службу падтрымання «OnlyFans» просьбу выдаліць відэа. Ёй адказалі, што ролік прыбяруць, калі пацвердзіцца, што ён зняты або выкладзены без ейнае згоды. З тых часоў «OnlyFans» з ёй не звязваўся. Відэа выдалілі толькі ў 2022 годзе, а былому хлопцу прысудзілі тры гады выпрабавальнага тэрміну.


Яшчэ 11 жанчын і 5 мужчынаў, якія напісалі заявы ў паліцыю, распавялі «Reuters», што нават не ведалі пра існаванне відэа, пакуль не знаходзілі іх у інтэрнэце. Адна з тых, хто звярнуўся ў паліцыю, была студэнткай, якую згвалтавалі вясной 2022 года. Адзін з гвалтаўнікоў затым прадаваў відэа з ёю на «OnlyFans». Нападнікі падпісалі пагадненне са следствам і атрымалі па годзе ўмоўна, суд супраць «OnlyFans» яшчэ ідзе.


Прадстаўнік «OnlyFans» у адказ на запыт «Reuters» запэўніў, што «ў рэдкіх выпадках, калі правілы платформы парушаліся, яны хутка выдалялі кантэнт, блакавалі карыстальніка і актыўна спрыялі расследаванню». Пры гэтым журналісты звярнулі ўвагу на тое, што ў адпаведнасці з умовамі выкарыстання «OnlyFans» «не нясе адказнасці за правяранне ці мадэрацыю кантэнту», што супярэчыць запэўніванням кіраўніцтва платформы.


Таксама журналісты даведаліся пра 30 інцыдэнтаў, калі на «OnlyFans» прадаваліся секс-матэрыялы з непаўналетнімі. Самаму малодшаму з дзяцей, паводле ацэнкі, было ад паўтара да двух гадоў.

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10