Увечары ў пятніцу, 6 снежня, расейскія войскі абстралялі Запарожжа і Крывы Рог.
У Запарожжы ў выніку атакі загінулі дзевяць асобаў, 17 атрымалі раненні, у тым ліку двое дзяцей 4 і 11 гадоў, паведамляе кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў. Ва ўсіх пацярпелых – аскепкавыя раненні і траўмы галавы.
Ад абстрэлу ў Запарожжы загарэлася станцыя тэхабслугоўвання, пашкоджаныя будынкі і крамы побач. У некаторых раёнах узніклі праблемы з электраэнергіяй.
Таксама 6 снежня расейскія войскі абстралялі Крывы Рог – у выніку ўдару па адміністрацыйным будынку там 19 параненых, два чалавекі загінулі, лёс аднаго невядомы – ідзе аварыйна-ратавальная аперацыя.
«На дадзены момант двое загінулых – мужчыны 40 і 69 гадоў. Таксама 19 пацярпелых. У лякарні цяпер 8 параненых, у тым ліку хлопчык 6 гадоў. Стан сярэдняй цяжкасці. Лекары аказваюць параненым усю неабходную дапамогу», – паведаміў кіраўнік Рады абароны Крывога Рогу Аляксандр Вілкула.
Марыя Міхалевіч belsat.eu