Аналітыка

Сірыйскі рэжым сыплецца на вачах. Ці здолее ўтрымацца 95-працэнтны прэзідэнт Асад

Сірыйскія паўстанцы святкуюць захоп цэнтральна-заходняга горад Хама, Сірыя. 6 снежня 2024 года. Фота: Muhammad Haj Kadour / AFP / East News
Сірыйскія паўстанцы святкуюць захоп цэнтральна-заходняга горад Хама, Сірыя. 6 снежня 2024 года. Фота: Muhammad Haj Kadour / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Грамадзянская вайна ў Сірыі, якая была замарозілася апошнія чатыры гады, нечакана аднавілася. Найбуйнейшыя гарады краіны адзін за адным пераходзяць у рукі паўстанцаў, у той час як у афіцыйнага кіраўніка краіны Башара Асада, сяброўскага Аляксандру Лукашэнку, практычна не засталося хаўруснікаў.

Ад моманту перавароту 1970 года ўладу ў Сірыі ўтрымлівае дынастыя Асадаў. Першыя 30 гадоў краінай кіраваў Хафэз Асад, а ў 2000-м уладу ад яго атрымаў у спадчыну ягоны сярэдні сын Башар. На выбарах 2021 года ён афіцыйна атрымаў падтрыманне 95 % удзельнікаў галасавання. Асады належаць да этнарэлігійнай супольнасці алавітаў, якіх у Сірыі налічваецца каля 10 %. Пры гэтым больш як 70 % насельніцтва краіны – мусульмане-суніты.

Кіроўная дынастыя ўсталявала ў Сірыі жорсткі аўтарытарны рэжым, у якім галоўныя пазіцыі і ўплыў займелі прадстаўнікі алавіцкай меншасці. У вонкавай палітыцы Дамаск арыентаваўся на СССР і потым Расею, а таксама на Іран, да шыіцкага насельніцтва якога найбольш блізкія сірыйскія алавіты. Цягам паўстагоддзя рэжым Асадаў жорстка давіў паўстанні і выступленні. Гэтак, у 1982 годзе ахвярамі разні ў горадзе Хама сталіся дзясяткі тысячаў асобаў.

У 2011 годзе, падчас Арабскай вясны, якая змяла шматгадовыя рэжымы ў Егіпце, Емене, Тунісе і Лівіі, пачаліся пратэсты і ў Сірыі. Неўзабаве яны выліліся ў грамадзянскую вайну, якая не скончаная дагэтуль. З дапамогай Расеі і Ірану, а таксама іхных проксі, як то ПВК Вагнэра або ліванская «Хізбула», Асад здолеў утрымацца ва ўладзе. І ў 2020 годзе шырокамаштабныя баявыя дзеянні ў Сірыі спыніліся. Краіна ж была падзеленая на зоны ўплыву. Паўночны ўсход краіны кантралявалі Сірыйскія дэмакратычныя сілы (СДС – курдскае і арабскае апалчэнне, якіх падтрымліваюць ЗША), паўночны захад – апазіцыйная Сірыйская народная армія (СНА) і суніцкія ісламісты, якімі апекавалася Турэччына. Рэшта тэрыторыі засталася пад кантролем Асада, якому дапамагалі Расея і Іран.

Перамір’е захоўвалася да 27 лістапада 2024 года, калі з пратурэцкага Ідлібу на асадаўскія сілы пачалі наступ групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ) і СНА.

Жыхары Хамы вітаюць сірыйскіх паўстанцаў у горадзе. Хама, Сірыя. 6 снежня 2024 года. Фота: Muhammad Haj Kadour / AFP / East News
Жыхары Хамы вітаюць сірыйскіх паўстанцаў у горадзе. Хама, Сірыя. 6 снежня 2024 года. Фота: Muhammad Haj Kadour / AFP / East News

Хто такія ХТШ?

ХТШ – гэта ісламісцкая групоўка, прызнаная тэрарыстычнай у ЗША, Турэччыне, Расеі і шэрагам іншых краінаў і арганізацыяў. Сваімі каранямі яна ўзыходзіць да «Аль-Каіды» і была звязаная з Ісламскай дзяржавай. За інфармацыю, якая б дапамагла злавіць ейнага лідара Абу Мухамада аль-Джулані, Злучаныя Штаты яшчэ ў 2018 годзе абвясцілі ўзнагароду ў 10 мільёнаў долараў.

Разам з тым шляхі ХТШ з «Аль-Каідай», і Ісламскай дзяржавай даўно разышліся, што вылілася ў збройныя канфлікты з імі. На падкантрольных тэрыторыях у Ідлібе яна намагалася стварыць стабільную грамадзянскую адміністрацыю, надаваць сацыяльныя паслугі, падтрымліваць правапарадак і агулам нармалізаваць жыццё. Таксама яна наладжвала кантакты з хрысціянскай супольнасцю, гарантуючы ёй бяспеку і адкрыўшы ў 2022 годзе для богаслужэнняў цэрквы.

Марыяна Беленькая, аўтарка тэлегарм-канала «Фалафельная», у каментары «Белсату» адзначае, што афіцыйна Турэччына супрацоўнічае толькі з Сірыйскай народнай арміяй, дапамагае ім у эканамічнай і вайсковай сферы. З ХТШ «афіцыйна Турэччына быццам не мае дачынення, але, тым не менш, усё роўна аказвае ім падтрыманне», кажа яна.

Алепа за тры дні, Хама – за тыдзень

Свой наступ 27 лістапада ХТШ аргументавалі адказам на расейска-сірыйскія авіяўдары, артабстрэлы і атакі дронаў-камікадзэ, якія адбываліся з сярэдзіны кастрычніка. Наступ развіваўся вельмі імкліва, у пастку да паўстанцаў траплялі ў тым ліку і саюзныя Асаду расейскія войскі. Ужо 29 лістапада ХТШ увайшлі ў Алепа – найбуйнешы горад Сірыі з насельніцтва да 2 мільёнаў асобаў.

Мапа баявых дзеянняў у Сірыі з 27 лістапада па 6 снежня 2024 года. Салатавым пазначаныя тэрыторыі, захопленыя ХТШ і СНА, светла-жоўтым – СДС. Інфаграфіка: Ecrusized & Rr016 / Wikimedia
Мапа баявых дзеянняў у Сірыі з 27 лістапада па 6 снежня 2024 года. Салатавым пазначаныя тэрыторыі, захопленыя ХТШ і СНА, светла-жоўтым – СДС. Інфаграфіка: Ecrusized & Rr016 / Wikimedia

З Алепа паўстанцы скіраваліся на поўдзень – у бок Дамаску. Сірыйская арабская армія Асада здолела спыніць іх каля гораду Хама. Адначасова расейская авіяцыя бамбіла войскі ХТШ і занятыя ёю тэрыторыі. 4 снежня ўрадавыя войскі нават заяўлялі, што ў выніку контратакі здолелі адбіць некаторыя вёскі.

Але 5 снежня, узяўшы ў кляшчы Хаму – пяты паводле памераў горад краіны, ХТШ вымусіла асадаўскія войскі адступіць. Не губляючы часу, войскі апазіцыі накіраваліся далей на поўдзень у напрамку стратэгічна важнага горада Хомс (трэці паводле памераў у Сірыі), пасля якога адкрываецца дарога на Дамаска. Пры гэтым удалося ўзяць шэраг іншых населеных пунктаў, у тым ліку гарады Саламія і Талбісэх. Вайскова-касмічныя сілы РФ у спробах запаволіць наступ сіл апазіцыі ўзарвалі галоўны мост, які злучае Хаму і Хомс. Але на момант публікацыі матэрыялу наступ так і не быў спынены. Больш за тое, што сірыйскі апазіцыйны рэсурс SOHR паведамляе, што войскаў Асада ўжо ў горадзе няма.

Курды адкрываюць другі фронт

На фоне краху ўрадавых сілаў актывізаваліся і іншыя групоўкі. Перадусім гэта пераважна курдскія Сірыйскія дэмакратычныя сілы, супраць якіх выступае Анкара, лічачы, што СДС падтрымліваюць курдскіх сепаратыстаў у Турэччыне, і ў якіх таксама адбыліся сутыкненні з ХТШ і СНА ў раёне Алепа.

3 снежня СДС са свайго анклаву Ражава пры падтрыманні авіяцыі ЗША пачалі наступ на ўрадавыя і праіранскія сілы ва ўсходняй сірыйскай правінцыі Дэйр-эз-Зор. 6 снежня яны захапілі аднайменную сталіцу правінцыі – сёмы паводле памераў горад Сірыі.

Апроч таго, паведамляецца пра актыўнасць паўстанцаў на поўдзень ад Дамаску, у правінцыі Дар’а.

Рэактыўныя самалёты на сірыйскай ваеннай авіябазе пасля таго, як яе захапілі паўстанцы, недалёка ад цэнтральнага гораду Хама, Сірыя. 6 снежня 2024 года. Фота: Omar Haj Kadour / AFP / East News
Рэактыўныя самалёты на сірыйскай ваеннай авіябазе пасля таго, як яе захапілі паўстанцы, недалёка ад цэнтральнага гораду Хама, Сірыя. 6 снежня 2024 года. Фота: Omar Haj Kadour / AFP / East News

Не толькі гарады, але і тэхніка

Важна адзначыць, што пад кантроль паўстанцаў пераходзяць не толькі гарады і турмы з палітвязнямі, якія, відаць, пасля папаўняць шэрагі антыўрадавых сілаў, але і вайсковая тэхніка і ўзбраенні сірыйскіх войскаў. Гаворка ў тым ліку пра танкі, зенітна-ракетныя комплексы, гелікоптары і самалёты.

OSINT-даследчыкі Elmustek і Рычард Вэракер падлічылі, што станам на 5 снежня армія Асада страціла ўжо 14,3 % ад усіх сваіх танкаў і 12,1 % БМП.

Асад застаўся без хаўруснікаў

Марыяна Беленькая мяркуе, што сірыйскія паўстанцы самыя не чакалі настолькі паспяховага наступу. Такое імклівае развіццё падзеяў яна звязвае з неарганізаванасцю сірыйскай арміі.

,,

«Гэта не прафесійная армія. Людзі туды ідуць з невялікай ахвотай, атрымліваюць вельмі мала. І агулам армія загразла даўно ў карупцыю, за выключэннем некалькіх падраздзяленняў», – адзначае яна.


Паводле эксперткі, Асад раней здолеў утрымацца ва ўладзе і вярнуць пад свой кантроль частку страчаных тэрыторыяў дзякуючы падтрыманню Расеі і Ірану. Паводле яе, усе поспехі асадаўскага рэжыму былі звязаныя з дзеяннямі ВКС РФ, ПВК Вагнэра і праіранскімі групоўкамі, галоўную сілу якіх складала ліванская «Хізбула».

Аднак з 2023 года «Хізбула» моцна пацярпела ў супрацьстаянні з Ізраілем, які знішчыў значную частку ейнага кіраўніцтва і вайсковых арсеналаў, у тым ліку на тэрыторыі Сірыі. Былі ліквідаваныя Ізраілем і шмат іранскіх васковых дарадцаў, што «таксама нанесла ўдар на баяздольнасць сірыйскай арміі», кажа Беленькая.

Апроч таго, ПВК Вагнэра была пераведзеная з Сірыі на вайну ва Украіну. А пасля «Маршу справядлівасці» 2023 года на Маскву было знішчанае кіраўніцтва вагнэраўцаў, а іх рэшткі цяпер ваююць у Афрыцы з мясцовымі паўстанцамі.

Так, у Расеі ў Сірыі застаюцца авіябаза на аэрадроме «Хмэймім» і база ВМФ у порце Тартус, ёсць некалькі дробных апорных пунктаў, вайсковая паліцыя, але маштабных наземных сілаў больш няма, адзначае Беленькая. Дый тыя, што ёсць, наступ ХТШ «празявалі».

,,

«Мабыць, не думалі, што сірыйская армія так хутка бяжыць, не было дастаткова сілаў ні ў праіранскіх сілаў, і Расея таксама не падрыхтавалася», – мяркуе Беленькая.


А заявы афіцыйнага Менску пра «падтрыманне прэзідэнту Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Башару Асаду» справе не надта дапамагаюць.

Пры гэтым нельга адмаўляць і эфектыўнасці дзеянняў ХТШ. Таксама назіральнікі адзначаюць актыўнае выкарыстанне паўстанцамі, у адрозненне ад сілаў Асада, дронаў, што зарэкамендавалі сябе на вайне ва Украіне.

Курс на Дамаск

Кіраўнік ХТШ аль-Джулані ў інтэрв’ю CNN заявіў, што не збіраецца спыняцца на дасягнутым і плануе завяршыць пачатае ў 2011 годзе. Паводле яго, «гэты рэжым мёртвы», хоць Іран і Расея і спрабавалі «выйграць яму час».

,,

«Калі мы кажам пра мэты, мэтай рэвалюцыі застаецца звяржэнне гэтага рэжыму. Мы маем права выкарыстоўваць усе даступныя сродкі для дасягнення гэтай мэты», – сказаў аль-Джулані.


Як піша аўтар блогу «Быть Или», Асад адводзіць войскі бліжэй да Дамаска, каб мець магчымасць даць бой за сталіцу. На яго думку, «сірыйскі дыктатар можа быць ужо нават не спадзяецца ўтрымаць нічога, акрамя сталіцы». Пра сцягванне войскаў у Дамаск кажа і ізраільскі вайсковы аглядальнік Ігаль Левін.

«Афіцыйна можна сказаць, што канфігурацыя сілаў у Сірыі адкацілася да 2015 года, калі сірыйскі ўрад быў на мяжы паразы», – піша ў сваім тэлеграм-канале «Пески Аравии» Ілія Куса, аналітык Украінскага інстытуту будучыні.

На яго думку, наўпроставая пагроза сірыйскай сталіцы будзе змушаць Асада ісці на саступкі, «і або самастойна аддаць уладу, альбо выгандляваць для сябе нейкія гарантыі ў абмен на кампраміс з Турэччынай на ўмовах Анкары, або проста чакаць калапсу і прыняць яго, якім ён ёсць».

Тым часам Амбасада РФ у Сірыі ўжо заклікала расейцаў пакінуць краіну камерцыйнымі рэйсамі праз дзейныя аэрапорты ў сувязі з абвастрэннем становішча.

Што будзе, калі Асад падзе

Прэзідэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган 6 снежня адзначыў, што прапаноўваў Асаду правесці перамовы пра будучыню Сірыі, якая засталася без адказу. Але не атрымаў «станоўчага адказу». Куса мяркуе, што Эрдаган тым самым пацвердзіў, што менавіта Турэччына «спланавала і скаардынавала наступ баевікоў у Сірыі», хоць і не прадбачыла такія маштабы.

Сірыйскія паўстанцы робяць сэлфі перад будынкам муніцыпалітэта ў Хаме праз дзень пасля таго, як захапілі горад на цэнтральным захадзе Сірыі. 6 снежня 2024 года. Фота: Mohammed Al-Rifai / AFP / East News
Сірыйскія паўстанцы робяць сэлфі перад будынкам муніцыпалітэта ў Хаме праз дзень пасля таго, як захапілі горад на цэнтральным захадзе Сірыі. 6 снежня 2024 года. Фота: Mohammed Al-Rifai / AFP / East News

«Захапіўшы ўладу ў Сірыі, Турэччына будзе спрабаваць затым з моцнай пазіцыі пераканаць ЗША сысці з краіны і кінуць курдаў. Калі [Джо] Байдэн гэтага не зробіць, думаю, стаўка будзе зробленая на адміністрацыю [Доналда] Трампа, якая зможа захаваць твар і сысці пад соусам „перамогі над дыктатарскім рэжымам“ і перазапуску палітычных перамоваў», – адзначае Куса.

На яго думку, захоп улады ў Сірыі сіламі ХТШ і СНА «будзе сур’ёзным фактарам нестабільнасці і непрадказальнасці ў рэгіёне». На гэта намякае і Армія абароны Ізраілю, якая ўжо ўзмацняе паветраныя і наземныя сілы ў раёне Галанскіх вышыняў – спрэчных памежных тэрыторыяў, каб «спыняць любыя пагрозы супраць дзяржавы Ізраіль».

Паводле Кусы, заходнія санкцыі ў ісламітаў з ХТШ не дазволяць аднаўляць эканоміку краіны. Дый агулам сітуацыя «вельмі падобная на кейс Афганістана пасля раптоўнага захопу Кабула талібамі» ў 2021 годзе. Невядома, як будзе развівацца і вайскова-палітычная сітуацыя ў краіне.

«Застануцца курды, з якімі пратурэцкія сілы ўступілі ў бой. Застануцца друзы на поўдні, якія захочуць выгандляваць для сябе аўтаномнасць. Застануцца сірыйскія эліты, без якіх утрымаць уладу баевікам будзе складана. Застануцца некалькі дзясяткаў фракцыяў баевікоў, якія 100– % пачнуць змагацца за ўладу, як толькі агульны вораг знікне. І застануцца вонкавыя гульцы, якіх трэба будзе пераконваць, што ўсё будзе добра: Ярданія, Ірак, Ліван, Саудаўская Аравія, ААЭ, Іран», – дадае аналітык.

Расейскія базы і хаўруснікі пад пагрозай

А вось ці застануцца ў Сірыі саюзныя Асаду расейскія войскі, невядома. Нягледзячы на пераможныя паведамленні афіцыйных медыяў, ікмлівае адступленне асадаўскіх войскаў выклікае моцную незадаволенасць у расейскіх праваенных каналах. Паводле іх, гэта стварае пагрозу расейскім базам у Тартусе і Хмэйміме. Kotsnews піша, што пасля здачы Хомса «прыйдзецца задумацца аб эвакуацыі базаў». Але і з гэтым могуць быць праблемы.

,,

«Эвакуіраваць базы практычна немагчыма. У лепшым выпадку можна эвакуіраваць большую частку асабістага складу, дакументацыю і перагнаць спраўныя самалёты. Ну нейкую тэхніку, якая, на хаду, можна па сухагрузах і дэсантных караблях распіхаць, але вядома не ўсю. Уся астатняя маёмасць застанецца на базах», – адзначае Fighterbomber.


А базы РФ у Сірыі – гэта не толькі падтрыманне Асада, але і адзіная стаянка расейскага флоту ў Міжземным моры. А таксама магчымасць транзіту расейскіх наймітаў у Афрыку. Дый агулам імклівае падзенне саюзнага Крамлю рэжыму, нягледзячы на спробы расейскіх войскаў супрацьстаяць гэтаму – гэта гіпатэтычна моцны ўдар па міжнародным іміджы Расеі. І апошняй праз вайну ва Украіне цяпер не да Сірыі. Як піша Sky News Arabia, Крэмль заявіў Дамаску, што ў яго цяпер «іншыя прыярытэты».

Нагода задумацца іншым дыктатарам, якія таксама пакладаюцца на дапамогу з Масквы.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10