Расследвальнікі «Бюро» апублікавалі матэрыял пра набліжаных да Лукашэнкі: ягоных кухараў, афіцыянтку, доктарку, цырульніцу. Менавіта цырульніца, падобна, нарадзіла дачку ад палітыка ў 2000 годзе. Бацькам дзяўчыны ў дакументах пазначаны Аляксандр Рыгоравіч Моцны, аднак, як высветлілі кіберпартызаны, такой асобы ў Беларусі не існуе.
Журналісты «Бюро» прысвяцілі расследаванне найбліжэйшаму атачэнню Аляксандра Лукашэнкі – тым, хто дапамагае палітыку ў штодзённай руціне.
«Мы выявілі цэлы пул асобаў: асабістыя кухары, афіцыянтка, доктарка і цырульніца. Мы назавём новыя імёны і раскрыем іхныя сакрэты. У гэтай гісторыі будзе і стажыяванне ў „кухара Пуціна“, і дзіўны кар'ерны ўзлёт, і, імаверна, новыя сваяцкія сувязі ў самога Лукашэнкі», – пішуць расследавальнікі.
Частка артыкулу прысвечаная цырульніцы з Шклова Сняжане Моцнай. Яна пазнаёмілася з Лукашэнкам у 1991-м, калі тагачасны дырэктар саўгасу «Гарадзец» падарыў 18-гадовай дзяўчыне магнітафон за перамогу ў раённым конкурсе «Міс Педагогіка».
Сняжана атрымала вышэйшую адукацыю ў лінгвістычным універсітэце ў Менску, і «Бюро» не ўдакладняе, дзе яна навучылася цырульнай справе. Аднак жанчына ў сваім блогу называе сябе «дыпламаваным стылістам»:
«У мінулым я дыпламатка, хакейная функцыянерка і кіраўніца ў бізнесе. Сёння ж я – дыпламаваная адмыслоўца ў галіне іміджу і стылю – стылістка-іміджмэйкерка».
Так ці іначай, Моцная сталася асабістаю цырульніцаю Лукашэнкі, а ў 1999 годзе зацяжарала і займела кватэру ў новабудоўлі на Магілёўскай вуліцы ў Менску.
У 2000 годзе жанчына нарадзіла дачку, якую назвалі Крысцінаю.
,,«Ні на той момант, ні пасля Сняжана Моцная замужам афіцыйна не была. Яна і дасюль носіць дзявочае прозвішча. У графе „бацька“ маці Крысціны пазначыла Моцнага Аляксандра Рыгоравіча, аднак, паводле кіберпартызанаў, такой асобы ў Беларусі не існуе».
Некалькі крыніцаў, набліжаных да Лукашэнкі ў канцы 1990-х, сказалі расследавальнікам, што Моцная нарадзіла дачку ў 2000 годзе «ад свайго высокапастаўленага земляка».
Фота Крысціны Моцнай і Аляксандра Лукашэнкі прааналізавалі «некалькі работнікаў спецслужбаў і праваахоўнікі»:
«Маюцца прыкметы, якія кажуць пра тое, што яна вельмі падобная да лукашэнкаўскай пароды. Па-першае, лоб, бровы, адлегласць паміж вачыма і адлегласць паміж вачніцамі: яны на даволі вялікай адлегласці. То бок гэта сямейнае [падабенства], у самога Лукашэнкі так. І ў тым ліку ў яе. У яе яшчэ вялікі рот, і калі ўзяць фотаздымак Лукашэнкі без вусоў, то менавіта гэты фрагмент – яны таксама даволі падобныя».
У «Бюро» канстатуюць, што не далі рады высветліць, хто насамрэч бацька Крысціны Аляксандраўны Моцнай, і немагчыма з упэўненасцю сцвярджаць, што гэта менавіта Лукашэнка. Тут патрэбны тэст ДНК.

«Гэта ўсё лухта», – сказала Сняжана Моцная журналістам і кінула слухаўку. На паўторны званок яна ўжо не адказала. Калі расследавальнікі патэлефанавалі з іншага нумара, жанчына выслухала пытанне і зноў скінула званок.
Пасля нараджэння дачкі кар'ера ў Сняжаны Моцнай пайшла ўгару. Калі дзіцяці было 1,5 года, маці ўладкавалася ў Міністэрства замежных справаў і там даслужылася да першага сакратара галоўнага ўпраўлення Еўропы.
У 2002-м з Шклова ў Менск пераязджае маці Сняжаны Лідзія, якая ў наступным годзе пачне працаваць у Камітэце дзяржаўнага кантролю, а сама цырульніца Лукашэнкі ідзе ў бізнес, першай была фірма «Белраснафта». Неўзабаве ў Менск пераехала сястра Сняжаны Ларыса.
Паводле звестак на 2023 год, Сняжана Моцная працавала памочніцаю кіраўніка ў кампаніі гаманцоў Лукашэнкі Аляксея Алексіна, Мікалая Вараб'я і Аляксандра Зайцава «Брэміна груп».
У красавіку 2008 года на суботніку Аляксандр Лукашэнка ўпершыню з'явіўся на публіцы з пазашлюбным сынам Мікалаем. Тое, што хлопчык – ягоны сын, палітык прызнаў толькі праз год. Мікалаю цяпер 20.
Паводле неафіцыйных звестак, ягоная маці – колішняя доктарка Аляксандра Лукашэнкі, а цяпер кіраўніца Рэспубліканскага клінічнага медычнага цэнтру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Ірына Абельская.
Сцяпан Кубік belsat.eu