навіны

Новыя «тэрарысты» і новы суд супраць кадравага рэзерву новай Беларусі. Рэпрэсіі 5 снежня

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Jimmy Chan/ pexels.com
podpis źródła zdjęcia

Праваабарончы цэнтр «Вясна» падрыхтаваў справаздачу пра рэпрэсіі ў Беларусі ў лістападзе, КДБ пашырыў «тэрарыстычны пералік», а суд у Менску пачаў другі працэс у справе кадравага рэзерву новай Беларусі. «Белсат» працягвае натаваць факты палітычнага пераследу.

«Шырокамаштабныя адвольныя рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў рэжыму і іншадумцаў у Беларусі ўзмацніліся на фоне абвешчаных уладамі прэзідэнцкіх выбараў», – канстатуюць праваабаронцы «Вясны» ў аглядзе сітуацыі з правамі чалавека ў лістападзе.


З верасня да сярэдзіны лістапада ў судах разгледзелі не менш за 1213 палітычных адміністрацыйных справаў, амаль усе – за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». За лістапад праваабаронцы зафіксавалі 671 факт рэпрэсіяў, у тым ліку 377 судоў паводле адміністрацыйных справаў. Траціна тых, хто зазнаў пераслед, – жанчыны; больш за ўсё фактаў зафіксавана ў Берасцейскай і Гомельскай вобласцях.


За лістапад 62 асобы былі прызнаныя палітвязнямі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Крыміналка журналісту «Белсата» і суд над шматдзетнай сям’ёй. Рэпрэсіі 4 снежня навіны

Камітэт дзяржаўнай бяспекі залучыў 11 асобаў у пералік «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці»: беларусаў Аляксея Рамасюка, Андрэя Зуева, Віктара Калаура, Уладзіміра Махнача, Вілена Тургунава, Валерыя Водзіна, Дзмітрыя Цімашкова, Віктара Саўчыца, Алега Вярцінскага, а таксама двух украінцаў: Сяргея і Паўла Кабарчукоў


Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1206 асобаў, з іх 512 – беларусы.


Менскі гарадскі суд 5 снежня пачаў працэс супраць Аляксандра Куксы, затрыманага ў лютым падчас рэйду ў справе кадравага рэзерву для новай Беларусі. Мужчыну абвінавачваюць у «судзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «актыўным удзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Працэс вядзе суддзя Жанна Брысіна. Гэта другі суд у справе кадравага рэзерву – праекту Пераходнага кабінету. У жніўні быў асуджаны працаўнік Верхнядзвінскага райвыканкаму Аляксей Кісялёў. Вырак, агучаны суддзём Юрыем Урбанам, праваабаронцам невядомы.


Таксама ў Менскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы айцішніка Чэслава Герасімовіча, якога схапілі пасля ягонага вяртання з Літвы. Мужчына нібыта «фінансаваў экстрэмісцкую дзейнасць».

Чэслаў Герасімовіч. Крыніца: viasna96 / Telegram
Чэслаў Герасімовіч. Крыніца: viasna96 / Telegram

У судзе Рэчыцкага раёну пачалі разглядаць справу працаўніка «Беларуснафты» Максіма Пінчука. Яго абвінавачваюць паводле артыкулаў «Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках» і «Знішчэнне, блакаванне або мадыфікацыя камп'ютарнай інфармацыі». Працэс вядзе Станіслаў Іванюценка.


З чым звязаны пераслед Пінчука, невядома. Пры гэтым праваабаронцы згадваюць, што сёлета ўвесну за «знішчэнне, блакаванне або мадыфікацыю камп'ютарнай інфармацыі» 3 гады калоніі прысудзілі працаўніку Гомельскага заводу пускавых рухавікоў Івану Памесячнаму, які спыніў цэх свайго прадпрыемства.

Максім Пінчук. Крыніца: viasna96 / Telegram
Максім Пінчук. Крыніца: viasna96 / Telegram

Удзельніка «X-фактару» Армэна Арзуманяна будуць судзіць за «заклікі да санкцыяў» і «паклёп на Лукашэнку». Працэс пад кіраўніцтвам Яўгена Пісарэвіча пачнецца 16 снежня ў Менскім гарадскім судзе.


Арзуманяну 44 гады. Ён нарадзінец Азербайджану, але амаль усё жыццё пражыў у Беларусі і мае беларускае грамадзянства. Мужчына піша музыку пад псеўданімам Арман Алекпераў. Ён двойчы выступаў на «X-фактары»: у 2018 годзе ва Украіне, а ў 2021-м – у Беларусі.

Армэн Арзуманян. Фота: скрыншот з «Беларусь 1»
У Беларусі арыштавалі ўдзельніка «X-фактару» навіны

Грамадскага актывіста з Астравецкага раёну Мікалая Уласевіча аштрафавалі на 50 базавых велічыняў. У чым «правініўся» мужчына, праваабаронцам невядома. Раней яго абвінавачвалі ў «несанкцыянаваным пікетаванні» за «няправільнае» спалучэнне колераў альтанкі на прыватным падворку.


У Гарадку за «распаўсюд экстрэмізму» асудзілі музыку Уладзіміра Шакуцёва, якога не аднойчы прызнавалі найлепшым працаўніком культуры Прыдзвіння. Яго затрымалі 3 снежня, а наступным днём мясцовы суд прызначыў яму 10 содняў арышту.

Уладзімір Шакуцёў. Крыніца: viasna96 / Telegram
Уладзімір Шакуцёў. Крыніца: viasna96 / Telegram

У Полацку за «несанкцыянаванае пікетаванне» судзілі працаўніцу Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Францыска Скарыны Алену Касарэвіч. Што, паводле версіі міліцыянтаў, было пікетаваннем і якую пастанову прыняла суддзя Яніна Марцулевіч, праваабаронцы пакуль не ведаюць.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10